Як паведамляе прэс-служба УУС Віцебскага аблвыканкама, 29 кастрычніка ў 11 гадзін вечара ў Полацкі РАУС ад дыспетчара службы таксі паступіла паведамленне аб тым, што на аўтамабільнай трасе Р-14 у раёне вёскі Бяздзедавічы Полацкага раёна на кіроўцу адной з машын напаў пасажыр. Нападнік, па словах кіроўцы, з месца здарэння ўцёк.
На выклік неадкладна была накіравана следча-аператыўная група. Супрацоўнікам міліцыі 44-гадовы кіроўца таксі распавёў, што каля 23.00 ён знаходзіўся каля рэстарана «Дзвіна», да яго падышоў малады чалавек, які знаходзіўся ў стане алкагольнага ап'янення, і папрасіў давезці да вёскі Фарынава Полацкага раёна. Грошай пры сабе ў хлопца не было, таму ў заклад ён прапанаваў свой мабільны тэлефон.
Калі таксі праязджала праз «прамзоны» горада Наваполацка, пасажыр заявіў, што яму стала блага і папрасіў спыніць аўтамабіль. Пасля прыпынку таксі хлопец дастаў з кішэні нож і нанёс ім два ўдары ў вобласць галавы таксіста, патрабуючы аддаць яго мабільны тэлефон. Паміж імі завязалася бойка, падчас якой нападнік збег, спалохаўшыся выпадковых сведак.
Затрымалі падазраванага ў здзяйсненні нападу ў лесапаласе каля аўтадарогі Р-14. Супрацоўнікі міліцыі апазналі яго па прыкметах, атрыманых ад пацярпелага. Нападнікам аказаўся 17-гадовы раней судзімы жыхар аграгарадка Рудня.
На дадзены момант падазраваны затрыманы, па факце разбойнага нападу заведзена крымінальная справа.





