Здарэнне адбылося 22 кастрычніка, паведамляе Памежны камітэт.
Каля крамы ў цэнтры аграгарадка «Пагранічны» Бераставіцкага раёна да вучня 9-га класа Максіма Каплінскага звярнуўся мужчына з заплечнікам.
Яго цікавіла, у якім баку знаходзіцца мяжа з Польшчай і колькі да яе кіламетраў. Школьнік не разгубіўся і паказаў няправільны кірунак, а сам пабег тэлефанаваць памежнікам. Затым працягнуў назіраць за патэнцыйным парушальнікам мяжы да прыбыцця трывожнай групы.
У выніку мужчына быў затрыманы. Высветлілася, што гэта 25-гадовы ўраджэнец Курганскай вобласці, у 2017 годзе ён ужо спрабаваў парушыць беларускую мяжу, за што быў дэпартаваны з забаронай уезду ў нашу краіну тэрмінам на пяць гадоў.
Зараз няўдалы парушальнік знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання Гродзенскай памежнай групы. Яму пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі.
Памежны камітэт паведамляе, што выявіць і дапамагчы затрымаць падазронага чалавека ў памежнай зоне Максіму Каплінскаму дапамаглі веды, якія ён набыў у атрадзе «Юны сябар памежнікаў».
Камандаванне заставы «Пагранічны» і Гродзенскай пагрангрупы падзякавала Максіму за праяўленую пільнасць і актыўную грамадзянскую пазіцыю, а яго бацькам — за годнае выхаванне сына.





