Звычайна дзейнасць творчых саюзаў не надта цікавіць шырокае грамадства. Беларускі ПЭН-цэнтр стаў выключэннем — пасля скандалу з Паўлам Севярынцам і абвінавачванняў у прыгнёце пісьменнікаў-хрысціянаў.

Сёння ў мінскім Палацы мастацтваў праходзіў агульны сход сябраў цэнтра. Яшчэ да яго пачатку было заўважна, што прысутныя падзелены на дзве групоўкі. З аднаго боку — Павел Севярынец з сябрамі-хрысціянамі і святаром, з іншага — некалькі намеснікаў старшыні Рады і прагрэсіўная моладзь. Першыя прыйшлі з раздрукаванымі малітвамі, другія — з вясёлкавым веерам.

«Гэта мы ў правы сектар селі?» — пажартаваў Адам Глобус, апусціўшыся на крэсла за пару шэрагаў ад Севярынца.

Усё ішло па раскладзе. Уручылі прэмію Адамовіча (Насце Захарэвіч — за асвятленне праблем, звязаных з гвалтам і дыскрымінацыяй, Вячаславу Ракіцкаму — за цыкл дакументальных фільмаў «Сведкі»), заслухалі даклады старшыні ПЭНа Таццяны Нядбай і яе намеснікаў Паўла Анціпава і Уладзіміра Лянкевіча. Даведаліся, што кватэры, якія належаць цэнтру, збіраюцца выводзіць з жылога фонду, а сярод арганізацый, якія знаходзілі прытулак у тых сценах, былі Беларускі калегіум, Школа маладога пісьменніка і ЛГБТ-праект Makeout. Спіс сябраў ПЭНа (зараз там 113 чалавек) прапанавалі вывесіць у агульны доступ.

«Мы не масонская арганізацыя, нягледзячы на тое што сярод нас вялікі майстра беларускай ложы Сяргей Дубавец», — заўважыла паэтка Марыя Мартысевіч.

Наступнай на сцэну паднялася намесніца ПЭНа Алена Казлова (пісьменніца Анка Упала).

«Выступаючы супраць пераследаў Уладзіміра Някляева, Паўла Сяверынца, я перакладала заявы пра наш пратэст з мэтай інфармаваць міжнародную супольнасць. У сувязі з адкрытым лістом Паўла Севярынца мушу дадаць, што рабіла гэта, з’яўляючыся негетэрасэксуальнай і феміністкай», — адзначыла яна на пачатку прамовы.

А потым жорстка раскрытыкавала старшыню ПЭНа Нядбай за аўтарытарнасць і выступіла супраць пісьменніка Уладзіміра Арлова. Казлова прапаноўвала абмежаваць тэрмін дзейнасці сяброў Рады да 10 гадоў (што дазволіла б выключыць Арлова), але гэта пытанне не ўключылі ў парадак дня.

За Нядбай заступілася Святлана Алексіевіч, віцэ-старшыня міжнароднага ПЭНа. Сказала, што Нядбай вельмі актыўная і, у адрозненні ад былых старшынь-мужчын, успрымае сваю пасаду не проста як тытул.

Праз колькі часу пачалі разглядаць заявы. Завочна ўзнавілі ў шэрагу сябраў ПЭНа Сяргея Шапрана, якога раней выключылі за нявыплату ўнёскаў. Зачыталі, каго не ўзялі. Сярод іх быў гісторык і прыяцель Севярынца Павел Булаты. Ён таксама прыйшоў на сход, каб аспрэчыць адмову.

«А вы хто такі?» — пачулася з залы.

Булаты стаў тлумачыць — пра 26 гадоў, пра 150 навуковых прац і дзясятак мастацкіх публікацый. Усе словы маладога даследчыка бурна падтрымліваў апладысментамі Севярынец.

Не пераканалі.

«Уступіць у ПЭН-цэнтр — не значыць прывесці кучу сваіх прыхільнікаў і сказаць «прымайце». Трэба заслужыць. У многіх [з тых, хто падаваў заявы. — NN.by] няма кніг, і гэта несур’ёзна. А ціснуць на сход — гэта чысты палітычны шантаж», — паставіла кропку Святлана Алексіевіч.

Нарэшце, дайшлі да справы Севярынца, якога, па яго словах, выключылі праз хрысціянскія каштоўнасці, а не нявыплату ўнёскаў. Іх Павел, дарэчы, ужо выплаціў і дадаў, што ў тым ліку дзякуючы гэтым грошам удалося арандаваць залу для сходу.

Севярынец выйшаў да сцэны. Ад словаў, напісаных у адкрытым лісце, і сваёй пазіцыі наконт ЛГБТ не адмовіўся.

«Марксістаў, лесбіянак, геяў я люблю і шкадую як людзей, якія захоўваюць вобраз і падабенства Божае. Ідэалогію гей-прапаганды, фемінізму, гендару я лічу шкоднымі і паводле свабоды слова маю права так лічыць».

У зале пачуліся смяшкі і абурэнне.

У галасаванні за тое, каб вярнуць Севярынца ў шэрагі сябраў ПЭНа, 27 чалавек выказаліся супраць. Але зарэгістраваных на сход — 59 (хоць і далёка не ўсе з іх былі на той момант у зале). Паўла зноў узялі ў ПЭН.

Падняўся незадаволены шум. Нехта дэманстратыўна разарваў мандат і кінуў пад ногі.

«Вы развязалі вайну!» — крыкнуў Севярынцу хтосьці з пісьменнікаў.

«Нідзе не сказана, што яго выключылі за палітычныя погляды ці за тое, што ён хрысціянін. Спадар Севярынец сам пісаў у сваіх лістах, што не плаціў унёскі, бо не пагаджаецца з палітыкай, якую праводзіць ПЭН, — абурыўся Аляксандр Фядута. — Ствараць прэцэдэнт палітычнага ціску нельга».

Павел Анціпаў, Уладзімір Лянкевіч і яшчэ палова прысутных у знак пратэсту супраць Севярынца сталі пакідаць залу. Сход быў амаль сарваны. «ПЭН на мяжы расколу», — уздыхалі літаратары.

Спатрэбіўся час, каб супакоіць бакі, вярнуць нязгодных і працягнуць сход.

Апошнім пунктам праграмы стала пераабранне Рады Беларускага ПЭНа. Новай старшынёй стала Святлана Алексіевіч. Па яе прапанове Таццяну Нядбай абралі першым намеснікам. Іншымі намеснікамі сталі Андрэй Хадановіч і Марыя Мартысевіч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочешь поделиться важной информацией анонимно и конфиденциально?