Запуск кардоннага завода ў Добрушы плануюць на 2020 год. Пра гэта паведаміў сёння журналістам пры наведванні аб'екта старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Леанід Анфімаў, перадае БелТА.
Фота: БелТА.
Па словах старшыні камітэта, зараз на разгляд кіраўніка дзяржавы ўносіцца праект указа, у адпаведнасці з якім будуць вызначаны крыніцы фінансавання для завяршэння праекта. Дапамогу ў яго завяршэнні і наладжванні вытворчасці гатовая аказаць аўстрыйская кампанія.
«Думаю, што ў 2020 годзе мы яго [завод — Рэд.] запусцім. У праект ужо ўкладзена $265 мільёнаў, таму ён павінен запрацаваць», — сказаў Леанід Анфімаў.
Першапачаткова планавалася запусціць гэты завод яшчэ ў 2015 годзе.
Для завяршэння праекта хочуць прыцягнуць бюджэтную пазыку ў памеры $83 мільёны.
Анфімаў адзначыў:
«З аднаго боку, ёсць гонар за краіну, што мы рэалізуем такія маштабныя праекты, нам яны пад сілу, але з іншага — пакуль ён, на жаль, не працуе, гэта помнік».