Прэтэнзіі Беларусі на кампенсацыю страт ад «падатковага манеўру» ў расійскім нафтавым сектары абмяжоўваюць суверэннае права Расіі на правядзенне ўнутранай палітыкі, лічыць Мінфін Расіі. Расійскае міністэрства прапанавала Беларусі прыняць расійскі падатковы кодэкс, піша Interfax.by.
Такое меркаванне Мінфін Расіі выказаў у сваім лісце па выніках разгляду прапановы МЗС Беларусі аб уключэнні ў парадак дня чарговага пасяджэння Рады міністраў Саюзнай дзяржавы пытання аб кампенсацыі страт ад падатковага манеўру. Расійскае міністэрства лічыць немэтазгодным уключаць такое пытанне ў парадак дня пасяджэння групы.
Як адзначаецца ў лісце за подпісам намесніка міністра фінансаў Расіі Сяргея Старчака, змяненне падатковага рэжыму ўнутры краіны з'яўляецца суверэнным правам Расіі.
Прапановы Беларусі аб кампенсацыі ёй страт у сувязі са зменамі расійскага заканадаўства абмяжоўваюць суверэннае права Расіі на правядзенне незалежнай і самастойнай унутранай палітыкі, лічаць у расійскім Мінфіне.
Расійскае міністэрства прапануе вырашаць гэтае пытанне ў рамках рэалізацыі «дарожнай карты» па ўніфікацыі, гарманізацыі і збліжэнні падатковага заканадаўства дзвюх краін.
Праектам прадугледжаны мерапрыемствы, вынікам якіх, на думку расійскага боку, павінна стаць падпісанне шэрага міжурадавых пагадненняў аб прымяненні на тэрыторыі Беларусі норм Падатковага кодэкса Расіі ў дачыненні да ўсіх падаткаў і збораў, а таксама падатковага адміністравання.