Аляксандр Лукашэнка 15 кастрычніка прызначыў кіраўнікоў у тры раёны краіны. «Наша Ніва» знаёміць вас з тымі, хто ўзначаліў Дубровенскі, Мсціслаўскі раёны і Маскоўскі раён Мінска.

Таццяна Калядка (Маскоўскі раён Мінска)

Фота «Мінск-навіны».

Фота «Мінск-навіны».

Таццяна Калядка родам з вёскі Казловічы Слуцкага раёна, якая ўваходзіла ў калгас імя Кірава. Гэта была адна з найбольш перадавых гаспадарак тагачаснай БССР. Бацька працаваў электрыкам, маці — медсястрой.

Вучылася ў політэхнічным тэхнікуме ў Мінску па спецыяльнасці «прыкладная матэматыка». Потым ужо завочна атрымлівала адукацыю ў наргасе — эканамічную і юрыдычную.

Муж у Таццяны Калядка вайсковец, служыў у Афганістане. Потым з жонкай пажылі ў Растове-на-Доне і Польшчы. Пасля развалу СССР вярнуліся ў Слуцк. Там яна працавала ў сферы гандлю. Толькі ў пачатку 2010-х сям’я пераехала ў Мінск. Калядка ўладкавалася ва ўпраўленне эканомікі Маскоўскага раёна сталіцы. І пачаўся рэзкі кар'ерны рост.

Таццяна Калядка актыўнічае ў «Беларускім саюзе жанчын». Мае сына і дачку. Ад 2013 года была першай намесніцай кіраўніка Маскоўскага раёна Мінска, хаця сама жыве ў Ленінскім раёне.

Мінулы кіраўнік Маскоўскага раёна Андрэй Жайловіч у мінулым месяцы быў прызначаны кіраўніком Салігорскага райвыканкама.

Анатоль Лукашоў (Дубровенскі раён)

Фота «Наша Талачыншчына».

Фота «Наша Талачыншчына».

Унікальны выпадак: Лукашоў ужо адзінаццаць гадоў узначальваў адзін з самых усходніх раёнаў краіны, потым у 2016 стаў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў, а цяпер вяртаецца ў крэсла кіраўніка Дубровенскага раёна.

Лукашоў нарадзіўся ў вёсцы Вялікі Бор Бранскай вобласці, гэта сумежны з Беларуссю рэгіён. Вучыцца паехаў у Віцебскую ветэрынарны інстытут. Працаваў вярнуўся на Браншчыну. Толькі праз нейкі час ён перабіраецца ў Дубровенскі раён Віцебскай вобласці, уладкоўваецца ў саўгас «Арловічы».

Адтуль яго ўжо заўважылі ў раённым цэнтры. У Дубровенскім райвыканкаме Лукашоў працаваў ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі і харчавання. А ў 2005 годзе ўзначаліў раён.

Цікава, што на парламенцкія выбары 2016 года Лукашоў ішоў не па сваёй роднай, а па Сенненскай акрузе. Ён задэклараваў прыватны дом плошчай 142 м.кв., а таксама сціплы аўтамабіль «Аўдзі А6» 2000 года выпуску.

Жыхары Сянна прасілі ў дэпутата, каб ён дапамог ім з працай, а таксама звярталіся наконт усталявання ў райцэнтры помніка Пятру Машэраву. Помнік, аднак, так і не з'явіўся.

У Палаце прадстаўнікоў Лукашоў адказваў за сельскую гаспадарку.

Звычайна пасля кадэнцыі ў парламенце чыноўнікі ідуць на пенсійны адпачынак, а тут чалавек зноў вяртаецца ў «поле».

Дзмітрый Пімашэнка (Мсціслаўскі раён)

Фота «Савецкая вёска».

Фота «Савецкая вёска».

Яго чакае пераезд з Дрыбіна, дзе Пімашэнка ўзначальваў раённы савет дэпутатаў. Сам Пімашэнка родам з Чавускага раёна, вучыўся ў сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках на эканаміста.

Кажа, што на працу ў Дрыбінскі раён ехаў свядома. «Хацелася пачаць дарослае жыццё асобнае ад бацькоў, а тут былі перспектывы па працы і па атрыманні жылля», — казаў Пімашэнка.

Спачатку ў Дрыбіне ён папрацаваў у структуры «Беларусбанка». А ўжо потым атрымаў запрашэннем з райвыканкама. Намеснікам старшыні Дзмітрый стаў у 29 гадоў. Цяпер Пімашэнку — 44 гады.

Таксама Пімашэнка ўзначальвае раённую арганізацыю «Беларускі фонд міру». Ягоная жонка Анжэла — яны пазнаёміліся падчас вучобы ў Горках — апошнія восем гадоў узначальвае фінансавы аддзел Дрыбінскага райвыканкама.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?