Здарэнне адбылося 13 кастрычніка а 15-й гадзіне, паведамляе прэс-служба міліцыі ў сваім тэлеграм-канале.
Відавочцы, што патэлефанавалі на нумар 102, сказалі, што ў інтэрнаце на адліве акна на чацвёртым паверсе стаіць дзяўчына.
На месца здарэння выехалі ўчастковы інспектар міліцыі Аркадзь Высоцкі і старшы аперупаўнаважаны аддзела крымінальнага вышуку Максім Мякшын. Да моманту прыбыцця міліцыянтаў на месцы здарэння знаходзіліся ратавальнікі і медыкі.
Аркадзь Высоцкі увайшоў у пакой і пачаў угаворваць дзяўчыну вярнуцца ў памяшканне. Яна на ўгаворы не паддавалася.
Участковы павольна набліжаўся да акна, прапаноўваў дапамогу. Калі дзяўчына на імгненне адцягнула ўвагу, афіцэр, рызыкуючы жыццём, стаў у праём акна, абхапіў яе рукой і зацягнуў назад у пакой. У гэтым яму дапамог напарнік Максім Мякшын.
Магіляўчанка зараз знаходзіцца пад наглядам дактароў.





