Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая прыпыніла сяброўства ў Аб'яднанай грамадзянскай партыі. Пра гэта яна паведаміла ў фэйсбуку.
Справа ў тым, што пазачарговы з'езд АГП зацвярджаў кандыдатаў у дэпутаты. Людзі з гэтага спісу змогуць трапіць у выбарчыя бюлетэні, не збіраючы подпісы ў сваёй акрузе.
І сябры АГП нечакана прагаласавалі супраць Канапацкай як кандыдаткі ў дэпутаты.
«Здаровы сэнс і палітычны разлік адсутнічалі сёння на з'ездзе АГП. Пацверджанне гэтаму — невылучэнне мяне кандыдатам ад партыі. Больш за тое, мне нават не далі слова для выступу, галасавалі па маёй кандыдатуры асобна, нягледзячы на тое, што яна была ўхваленая Мінскай гарадской арганізацыяй», — абураецца Канапацкая.
Яна называе сябе «самым рэйтынгавым і вядомым прадстаўніком апазіцыі як у Беларусі, так і за яе межамі», і адзначае, што «партыя на роўным месцы стварыла сама сабе праблемы, адмовіўшыся ад супрацоўніцтва са мной перад парламенцкай і прэзідэнцкай выбарчымі кампаніямі».
У Канапацкай яшчэ ёсць час, каб сабраць патрэбную колькасць подпісаў выбаршчыкаў і стаць кандыдаткай у дэпутаты.





