@robin_prudent

@robin_prudent

У Парыжы ў нядзелю, 29 верасня, адбываецца цырымонія развітання з былым прэзідэнтам Францыі Жакам Шыракам, паведамляе «Еўрапейская праўда» са спасылкай на RFi.

Труну з целам Жака Шырака, акрытую французскім трыкалорам, выставілі ў двары Дома Інвалідаў, ля сабора Святога Людавіка. На цырымонію развітання могуць прыйсці ўсе, хто жадае. Яна пачалася а 14-й па мясцовым часе, але яшчэ за некалькі гадзін да яе пачатку ля Дома Інвалідаў утварылася вялікая чарга.

Правесці народнае развітанне пажадала сям'я Жака Шырака. Для ўсіх, хто прыйдзе ў Дом Інвалідаў, сям'я экс-прэзідэнта прыгатавала брашуры з ягонымі выказваннямі.

Раніцай 30 верасня Жаку Шыраку аддадуць воінскія ўшанаванні ў ганаровым двары Дома Інвалідаў у прысутнасці цяперашняга прэзідэнта Эманюэля Макрона.

Пазней у панядзелак цырымонія развітання пройдзе ў парыжскай царкве Сен-Сюльпіс. На ёй будуць прысутнічаць каля трыццаці кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў, у тым ліку прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін.

Жак Шырак памёр 26 верасня ў Францыі ва ўзросце 86 гадоў. Ён быў прэзыдэнтам Францыі на працягу 12 гадоў — з 1995 па 2007 год.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0