Восьмы Міжнародны Кангрэс даследчыкаў Беларусі адкрыўся ў Вільні 27 верасня. Ён будзе доўжыцца тры дні. На яго сабралася каля 520 навукоўцаў.
Ранейшыя кангрэсы праходзілі пераважна ў Коўне, пры падтрымцы Універсітэта Вітаўта Вялікага. Для сёлетняга пляцоўкаю стала Вільня, а падтрымку надаў Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт.
Урачыстае адкрыццё і пленарнае пасяджэнне адбылося гэтым разам у касцёле Святой Кацярыны. Яно складалася з дзвюх дыскусій.
У абмеркаванні «Глабальны зрух улады: наступствы для Усходняй Еўропы» бралі ўдзел спецыялісты з ЗША, Канады, Беларусі і Германіі. (Роберт Нурык, Атлантычная рада (ЗША); Ірвін Студзін, Global Brief (Канада); Скот Калінейн, Альянс ЗША-Еўропа (ЗША); Андрэй Казакевіч, «Палітычная сфера» (Беларусь). Мадэраваў дыскусію Яўген Прэйгерман, Мінскі дыялог, Беларусь.
А ў гістарычнай дыскусіі «450-годдзе Люблінскай уніі (1569) і яе значэнне для краін рэгіёна: Беларусі, Літвы, Польшчы, Украіны і Расіі» ўзялі ўдзел навукоўцы з Беларусі, Польшчы, Украіны і Літвы. Алег Дзярновіч, Інстытут гісторыі НАН Беларусі; Алвідас Нікжэнтайціс, Інстытут гісторыі Літвы; Геранім Граля, Варшаўскі універсітэт (Польшча); Ігар Скачыляс, Украінскі каталіцкі універсітэт; Артурас Дубоніс, Інстытут гісторыі Літвы; Томаш Кемпа, Універсітэт імя М. Каперніка (Польшча). Мадэравала дыскусію Алена Маркава з Карлавага ўніверсітэта (Прага).
На пленарным пасяджэнні быў забяспечаны пераклад на беларускую і англійскую мовы.
Сёння і заўтра адбудзецца праца шматлікіх секцый, прысвечаных разнастайным тэмам: ад стратэгічных энергетычных праектаў да сюжэтаў, звязаных са 100-годдзем абвяшчэння БССР, якое чырвонай ніткай праходзіць праз гістарычныя дыскусіі сёлета. Праграму можна прачытаць тут.
Асабліва цікавымі для шырокай публікі могуць быць вечаровыя дыскусіі і кніжныя прэзентацыі ў суботу. На жаль, яны адбудуцца паралельна, у 17.00.
Так, у аўдыторыі 110 ЕГУ будзе мець месца дыскусія: «Палітычная рэформа і транзіт улады: сцэнарыі, магчымасці і рызыкі. Беларусь і досвед іншых постсавецкіх краін».
Мадэратар: Арцём Шрайбман (Беларусь)
Удзельнікі: Андрэй Казакевіч (Беларусь), Валер Карбалевіч (Беларусь), Пётр Пятроўскі (Беларусь),
Мірзакід Рахімаў (Узбекістан), Айдархан Кусаінаў (Казахстан), Рахім Рахімаў (Азербайджан).
Цырымонія ўручэння прэмій Кангрэса пройдзе гэтым разам у Ратушы а 19-й гадзіне (вуліца Вялікая, 31). Пасля яе, а 20-й гадзіне, адбудзецца дыскусія на тэму перапахавання Каліноўскага з удзелам доктара гістарычных навук Алеся Смаленчука і рэдактара «Нашай Нівы» і «Нашай гісторыі» Андрэя Дынько.
Агулам Кангрэс — гэта магчымасць пабачыць і пачуць даследчыкаў з розных краін і галін і пагрузіцца ў атмасферу жывой навукі.





