Ва Узбекістане зацвердзілі палажэнне пра парадак правядзення вясельных, сямейных, юбілейных урачыстасцей, а таксама сямейных памінальных абрадаў і іншых мерапрыемстваў памяці нябожчыкаў, паведамляе Радио Азатлык.
Паводле дакумента, цяпер усе сямейныя мерапрыемствы, за выключэннем пахавання, павінны праводзіцца ў адзін дзень у перыяд з 06:00 да 23:00. Правядзенне сямейных мерапрыемстваў пасля 23:00 не дапускаецца, але гарадскія і раённыя саветы могуць вызначаць асобна час пачастунку пловам «у залежнасці ад мясцовых умоў».
Колькасць гасцей на сямейных урачыстасцях не можа перавышаць 200 чалавек, а ў пачастунку пловам, звязаным з гэтымі мерапрыемствамі, могуць браць удзел толькі да 250 гасцей.
У двайным вяселлі могуць удзельнічаць да 250 гасцей, на плоў — да 300.
Калі на сямейных мерапрыемствах плануецца больш за 50 удзельнікаў, то з залай, кафэ або рэстаранам павінен складацца дагавор.
На вяселлях, уключаючы цырымонію дзяржаўнай рэгістрацыі шлюбу, а таксама прыезд і ад'езд жаніха і нявесты ў вясельную залу, не дазваляецца выкарыстоўваць больш за тры легкавікі.
Запрашаць на сямейнае мерапрыемства можна будзе не больш за два выканаўцы ці музычныя гурты, пры гэтым з артыстамі павінен складацца дагавор.
Транспартныя паслугі на сямейных мерапрыемствах (за выключэннем пахавання) павінны аказваць ліцэнзаваныя перавозчыкі.
Мерапрыемствы, звязаныя з пахаваннем, могуць доўжыцца не больш за тры дні. Але колькасць гасцей на іх закон не абмяжоўвае.
Адміністрацыя кафэ і рэстаранаў павінна будзе пісьмова апавяшчаць органы ўнутраных спраў аб планаваных урачыстасцях не пазней чым за два дні да мерапрыемства.





