Сёння ў Мінску, у храме Усіх святых, падводзілі вынікі акцыі «Аднаўленне святыняў. Крыніцы Беларусі». Гэта такая ініцыятыва БРСМ, якую арганізацыя праводзіць ужо даўно і аднаўляе нешта кожны год: то храмы, то крыніцы, то помнікі.
Адметна, што сёлета гэтае мерапрыемства вырашылі спалучыць з візітам у Курапаты.
Выглядала ўсё так: актывісты БРСМ пасля мерапрыемства ў храме Усіх святых паехалі ў мінскі Дом Міласэрнасці, а з яго — на роварах у Курапаты.
Там яны ўсклалі кветкі да крыжоў, а святар Фёдар Поўны звярнуўся да моладзі з невялікай пропаведдзю. Пасля таго памаліўся і каталіцкі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
Прыводзім словы Поўнага:
«Мне сёння па даручэнні мітрапаліта Паўла даводзіцца ўважліва вывучаць матэрыялы пра Курапаты: яны, не схаваю, нават супярэчлівыя, вельмі супярэчлівыя.
Але хто б ні быў забіты і пахаваны ў гэтым месцы, колькі б ні было знішчана тут людзей — гэта трагічныя падзея! Шнар на твары чалавецтва. Шнар ператварае твар твору Божага ў звярыны аскал, у дэманічны вобраз. У вобраз не канкрэтна Сталіна ці Яжова, а страшны чалавечы. І каты, і ахвяры, і я, і вы, і ўсе мы, прадстаўнікі гэтага чалавецтва, ўвасабляем божую задуму аб чалавеку. А забойства — заўсёды крок супраць Бога.
Хто ахвяры, хто карнікі — ведаць, канечне, важна, але душам загінулых больш патрэбна малітва жывых.
І гэтае месца, мне думаецца, зусім не для таго існуе, каб кожны, хто прыйшоў сюды, з пляча асудзіў той ці іншы рэжым, не.
Дастаткова зразумець, што сярод расстраляных былі як нявінныя ахвяры, так і рэальныя злачынцы і нават здраднікі. У кожнай гістарычнай падзеі перамяшанае дабро і зло, вялікае і нікчэмнае.
Пра гэта мы не можам сказаць адназначна: гэта кепска, а гэта добра. Разблытаць клубок супярэчнасцяў нам не па сілах, для гэтага ёсць Бог, толькі яго суд сапраўдны, наш жа заўсёды перадузяты.
Але мы ў сілах памаліцца і папрасіць вышэйшы суд за душы забітых. Не трэба думаць, што смерць нявінаватых — прамы квіток у рай, не заўсёды так. Мы можам памаліцца, каб гэтыя душы атрымалі спакой і радасць вечнага існавання Богам, калі яму будзе заўгодна.
Нашая малітва за памерлых — сведчанне любові, імкненне ўсведамляць памылкі мінулага і ўрокі гісторыі, якія б горкія яны не былі».





