Аляксандр Лукашэнка 12 верасня прызначыў кіраўнікоў у пяць раёнаў краіны. «Наша Ніва» знаёміць вас з тымі, хто ўзначаліў Салігорскі, Буда-Кашалёўскі, Лельчыцкі, Лідскі і Шчучынскі раёны.

Андрэй Жайловіч (Салігорскі раён)

Фота Мінск-навіны.

Фота Мінск-навіны.

Адным з самых багатых і значных рэгіёнаў краіны паехаў кіраваць мінчук. Андрэй Жайловіч да сёння ўзначальваў Маскоўскі раён Мінска. Да гэтага працаваў у адміністрацыі Партызанскага раёна.

Жайловіч нарадзіўся ў Мінску ў 1975 годзе, гадаваўся ў раёне Кіеўскага сквера і парка Дружбы народаў. Скончыў завочна будаўнічы факультэт БНТУ.

Адметнасць пасады старшыні Салігорскага райвыканкама заключаецца ў тым, што ў двух папярэдніх кіраўнікоў узніклі праблемы з законам. Аляксандр Рымашэўскі быў затрыманы ў 2017 пры спробе атрымання хабару ў памеры 2700 даляраў. Ягоны наступнік Алег Паскробка таксама сёлета быў затрыманы сілавікамі, але праз некалькі дзён яго адпусцілі пад хатні арышт. Мабыць, цяпер спадзяюцца, што чалавек звонку навядзе там парадкі.

Анатоль Гапонік (Буда-Кашалёўскі раён)

Гапоніку 37 гадоў. І хоць ягоная кар’ера стабільна звязаная з Гомельскай вобласцю, родам ён з вёскі Вулькаўцы Гродзенскага раёна, нават імя па бацьку ў яго не зусім тыповае для Гомельшчыны — Генрыхавіч. Потым пайшоў вучыцца ў Гродзенскі аграрны ўніверсітэт.

Па размеркаванні трапіў заатэхнікам у гаспадарку «Новая Дуброва» Ельскага раёна. Ад 2006 да 2016 працаваў на розных пасадах у сельскай гаспадарцы Ельскага раёна. 14 чэрвеня 2016 быў прызначаны старшынёй Лельчыцкага райвыканкама.

«Мой дэвіз просты: працаваць на карысць малой радзімы, кожнага яе жыхара», — казаў Гапонік. Для яго пераход у Буда-Кашалёва, бліжэй да абласнога цэнтра, будзе яўным павышэннем.

Сяргей Касінскі (Лельчыцкі раён)

Сяргей Касінскі з сям'ёй. Фота ok.ru.

Сяргей Касінскі з сям'ёй. Фота ok.ru.

У Лельчыцах жа старшынёй райвыканкама будзе 47-гадовы Сяргей Касінскі. Дастаткова рэдкі выпадак: раён узначаліў не нехта з аграрнай сферы, а міліцыянт.

Сяргей Касінскі адпрацаваў у Лельчыцкім РУУС 25 гадоў, даслужыўся да падпалкоўніка. У міліцыю ён прыйшоў адразу пасля войска, служба ў якім прыпала якраз на развал СССР. Служыў Касінскі ў Маскве.

У 2013 годзе Сяргей Касінскі — тады намеснік начальніка Лельчыцкага РУУС — выратаваў хлопчыка, які праваліўся ў каналізацыйны люк. Яго не маглі знайсці 10 гадзін, а калі Касінскі яго пабачыў, то хлопчыка было ледзь чуваць, ён па калена стаяў у вадзе на глыбіні больш за два метры.

Апошнім часам ён быў старшынёй Лельчыцкага савета дэпутатаў. У Сяргея Касінскага дзве дачкі: Хрысціна скончыла юрыдычны факультэт БДУ, а Маргарыта яшчэ школьніца.

Сяргей Ложачнік (Лідскі раён)

Яшчэ адзін 37-гадовы вертыкальшчык, які пайшоў на павышэнне. Ложачніка перавялі са старшыняў Шчучынскага райвынкама ў Лідскі.

Сяргей нарадзіўся ў вёсцы Петкавічы Дзяржынскага раёна. Вучыўся ў Магілёўскім універсітэце харчавання па спецыяльнасці машыны і апараты харчовай вытворчасці.

Пачынаў кар’еру з працы ў каўбасным цэху калгаса імя Карла Маркса Валожынскага раёна. Быў начальнікам каўбаснага цэха агракамбіната «Дзяржынскі». Таго самага, які даў Беларусі двух міністраў сельскай гаспадаркі.

Магчыма, якраз Сямён Шапіра перацягнуў Ложачніка на працу ў Міністэрства сельскай гаспадаркі, дзе ён быў галоўным інспектарам Дэпартамента ветэрэнарнага і харчовага надгляду.

Калі Шапіру прызначылі старшынёй Гродзенскага аблвыканкама, то і Ложачнік апынуўся ў Гродзенскай вобласці. У 2011 годзе ён стаў дырэктарам Шчучынскага масласырзавода, а ў 2013 узначаліў Шчучынскі раён.

Аляксей Садоўскі (Шчучынскі раён)

Ложачніка ў Шчучыне заменіць ягоны першы намеснік Аляксей Садоўскі. Звяртае ўвагу, што ніводзін мясцовы не ўзначаліў свой раён. Дык вось Садоўскі таксама не Шчучынскі. Ён нарадзіўся ў 1976 годзе ў вёсцы Осава Глыбоцкага раёна. Вучыўся ў Гомельскім кааператыўным інстытуце на бухгалтарскім уліку.

Па размеркаванні трапіў у Гродзенскую вобласць. Працаваў кантралёрам-рэвізорам у Гродзенскім аблспажыўсаюзе. Да 2014 працаваў у спажыўкааперацыі, у той год быў прызначаны першым намеснікам старшыні Шчучынскага райвынкама, адказваў за эканоміку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?