31 ліпеня ў шанхайскім аэрапорце затрымалі грамадзяніна Беларусі. Ён вёз не менш за 1,8 кілаграма какаіну.
Па інфармацыі «Нашай Нівы», хлопца завуць Андрэй, яму 22 гады.
Беларус ляцеў у Шанхай рэйсам авіякампаніі AirAsia. Ён выправіўся з Зімбабвэ, меў перасадку ў сталіцы Эфіопіі Адыс-Абебе.
У кітайскім аэрапорце хлопец накіраваўся па канале для тых, каму няма чаго дэклараваць, паведамляе shanghai.gov.cn. Але ж мытнікі заўважылі ў беларуса дзіўны багаж: чатыры цёплыя зімовыя курткі.
Афіцэр мытні ўспомніў пра выпадак у Макаа. Тамтэйшыя спецыялісты выявілі новы метад кантрабандыстаў: адзенне вымачвалі ў растворы вады і наркотыкаў. Курткі беларуса праверылі — і сапраўды знайшлі сляды парашку. Гэта быў какаін, агульная вага — больш за 1800 грамаў.
Пасля допыту падазраваны прызнаўся, што ён пагадзіўся даставіць курткі з Зімбабвэ праз Шанхай у Макаа, пры ўмове, што яму забяспечаць транспартныя выдаткі і заплацяць $1000 узнагароджання. Мужчына павінен быў атрымаць далейшыя інструкцыі пасля прыбыцця ў Макаа.
Беларуса змясцілі пад варту. Яму пагражае пажыццёвае зняволенне ці нават смяротнае пакаранне.
«Цяпер хлопец знаходзіцца ў шанхайскім ізалятары часовага ўтрымання. Консульства прымае ўсе меры, неабходныя для абароны правоў і інтарэсаў грамадзяніна Беларусі», — паведаміў «Нашай Ніве» Анатоль Глаз, прэс-сакратар МЗС Беларусі.





