Каля 150 вучняў і іх бацькоў выйшлі пратэставаць супраць увядзення «гендарна нейтральнай» формы ў сярэдняй школе горада Льюіс ва Усходнім Сасэксе ў Англіі, піша BBC.
З новага навучальнага года школа зрабіла нашэнне штаноў абавязковым для ўсіх вучняў — як для хлопчыкаў, так і для дзяўчынак.
Адміністрацыя навучальнай установы кажа, што да гэтага кроку яе падштурхнулі асцярогі наконт даўжыні спадніц у дзяўчынак; акрамя гэтага, новыя правілы ў большай ступені ўлічваюць патрэбы некалькіх школьнікаў-трансгендараў, якія вучацца ў гэтай школе.
Незадаволеныя новымі правіламі лічаць, што вучні павінны мець права выбару, і адзначаюць, што ўжо купленая форма цяпер прападзе дарма.
Былы вучань школы, тэлевядучы Пірс Морган выказаў у «Твітары» салідарнасць з пратэстоўцамі. Паводле яго слоў, «гендарна-нейтральнае вар'яцтва» выйшла з-пад кантролю, і дзяўчынкі павінны быць дзяўчынкамі, а хлопчыкі — хлопчыкамі.
Член парламента ад Льюіса, кансерватар Марыя Колфілд напісала ў «Твітары»: «Вельмі занепакоена тым, што школа не пускае на ўрокі дзяўчынак за тое, што тыя хочуць насіць спадніцы, і пагражае ім паліцыяй. Не так трэба ставіцца да маладых жанчын Льюіса».
У 2017 годзе гэтая школа ўвяла забарону на спадніцы для новых вучаніц, якія паступаюць у школу, а з гэтай пятніцы забарона была распаўсюджана на ўсіх.
Тых, хто не будзе прытрымлівацца правіл, будуць адпраўляць дадому пераапранацца і толькі пасля гэтага дапускаць у будынак школы.





