У рэдакцыю агенцтва «Мінск-Навіны» звярнуліся чытачы, якім напярэдадні сезона прастуд патрэбныя менавіта «Фервекс», «Колдрэкс» і «Тэрафлю», а не іх аналагі. Але гэтых лекаў яны не могуць знайсці.

Сітуацыю патлумачылі ў Міністэрстве аховы здароўя.

— Рэгістрацыя «Фервекс» у Беларусі завяршылася ў 2017-м, — распавяла начальнік упраўлення фармацэўтычнай інспекцыі і арганізацыі лекавага забеспячэння Наталля Малашка. — Адсутнасць прэпарата ў наяўнасці кажа пра тое, што вытворца проста сышоў з нашага рынку. Напэўна, яму ён не цікавы па аб'ёмах продажаў. З'явіліся і канкурэнты — айчынныя аналагі. Якія лекі яшчэ цікавяць?

— «Колдрэкс».

— Рэгістрацыя таблетак скончылася яшчэ ў 2013 годзе, з таго часу таблеткавыя формы гэтага прэпарата не прадавалі ў аптэках, а калі былі, то рэшткі. Рэгістрацыя «Колдрэкс МаксГрып» (парашок для падрыхтоўкі раствору) у Беларусі скончылася ў студзені 2019-га. Магчыма, у астатку яшчэ ёсць у рэгіёнах. Звычайна паўторная працэдура займае каля трох месяцаў. Пакуль што новай рэгістрацыі няма. Магчыма, кампанія-вытворца пакінула наш рынак. Мы не можам паўплываць на яе рашэнне.

— «Тэрафлю» таксама няма ў продажы.

— Рэгістрацыя прэпарата ў выглядзе парашка завяршылася ў жніўні 2018-га, але лякарства прайшло перарэгістрацыю, цяпер яна бестэрміновая. Магчыма, да сезона прастуд і грыпу прэпарат з'явіцца. Цяпер у аптэках ёсць яго разнавіднасць — антысептык мясцовага дзеяння для лячэння інфекцый поласці рота і глоткі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0