Карпарацыя «Растэх» пацвердзіла затрыманне 57-гадовага дырэктара па развіцці бізнэсу Аб'яднанай авіябудаўнічай карпарацыі Аляксандра Каршунова. Яго затрымалі ў аэрапорце Неапаля па запыце ЗША, перадае РБК.
Па дадзеных «Ведамасцяў», Каршунову інкрымінуюць крадзеж інтэлектуальнай уласнасці і дакументаў General Electric, якія нібыта планавалася выкарыстоўваць у інтарэсах расійскай праграмы ПД-14. Праграма прадугледжвае стварэнне рухавіка для новых расійскіх сярэднемагістральных самалётаў МС-21. Гэтую ж версію абвінавачванні пацвердзіла дыпламатычная крыніца РБК.
Па інфармацыі «Фантанкі», Каршуноў рэгулярна лётаў у Італію па службовай неабходнасці, але ў гэты раз ён нібыта накіраваўся ў адпачынак. Затрыманне топ-менеджара АДК пракаментаваў Уладзімір Пуцін, адказваючы на пытанне вядучага панэльнага пасяджэння Усходняга эканамічнага форуму Сяргея Брылёва. Па словах самога Пуціна, ЗША абвінавачваюць Каршунова ў крадзяжы сакрэтаў.
У МЗС Расіі назвалі затрыманне нядобрасумленнай канкурэнцыяй, а таксама адзначылі, што сітуацыя знаходзіцца на кантролі пасольства Расіі ў Італіі.





