Французскі суд дазволіў пеўню Марысу кукарэкаць раніцай, нягледзячы на скаргі суседзяў. Пра гэта паведамляе Reuters.
Фота з асабістага інстаграма Марыса
«Сёння Марыс перамог у бітве за ўсю Францыю», — заявіла гаспадыня птушкі Карын Фесо. Суд адхіліў патрабаванні пазоўшчыка, які спадзяваўся, што пеўню загадаюць замаўчаць, а сама Фесо выплаціць кампенсацыю тысячы еўра.
Французская прэса называла суд паміж сельскімі традыцыямі і сучаснымі гарадскімі каштоўнасцямі.
Жан-Луі Бірон, што пачаў працэс, жыве ў горадзе, але купіў другі дом у вёсцы. Ён вінаваціў пеўня ў парушэнні грамадзкага парадку і скардзіўся, што птушка занадта рана будзіць суседзяў.
У Фесо і Марыса знайшлося шмат прыхільнікаў, якія лічылі, што для сельскай мясцовасці ў пеўня, што кукарэкае па раніцах, няма нічога незвычайнага і тым больш супрацьзаконнага.





