«Горадабудаўнічы дакумент ігнаруюць, каб дагадзіць інвестыцыйнаму інтарэсу»
Праект дэталёвага планавання гістарычнага цэнтра Мінска быў зацверджаны ў 2006 годзе. Але ў выніку многія работы пайшлі ўразрэз з ім.
— У праекце гістарычны цэнтр быў разбіты на кварталы, кожны з якіх меў жорсткія рэгламенты, — кажа Антон Астаповіч. — Шырыня вуліц павінна была адпавядаць гістарычнай, усе новыя пабудовы — не парушаць аб’ёмна-планіровачную структуру цэнтра. Напрыклад, зараз вуліца Зыбіцкая мае шырыню 25 метраў. Згодна з першым варыянтам дэталёвага плана яна мусіла быць 11-12 метраў. На пляцоўцы, дзе стаіць гэты «саркафаг» (размова пра дом 25а на завулку Музычны. — NN.by), забудова не павінна была перавышаць два паверхі.
Антон Астаповіч.
Праект рэканструкцыі той жа Зыбіцкай, распрацаваны Мінскпраектам, меў і іншыя праблемы — планіроўка кварталаў не адпавядала гістарычнай, дамы былі стылізаваныя пад старыну, але нічога агульнага са страчанай забудовай не мелі. Таварыства ў 2010 годзе прапаноўвала свой праект рэгенерацыі. Ён разглядаўся на навукова-метадычнай нарадзе нароўні з афіцыйным праектам, атрымаў станоўчую ацэнку, а пазней — першае месца ў намінацыі «Рэстаўрацыя-праект» на міжнародным конкурсе маладых архітэктараў «Леанарда».
— Але восенню 2011 года пляцоўку, якая павінна была быць засвоена гарадскім бюджэтам, «распілавалі» паміж трыма інвестпрадпрыемствамі. У выніку з’явіўся поўны неадэкват.
Тут пытанне да гарадскіх уладаў: чаму, калі сюды прыходзяць інвестары, усё робіцца з парушэннем дэталёвага плану? Калі горадабудаўнічы дакумент ігнаруюць, каб дагадзіць інвестыцыйнаму інтарэсу, і ўсе наглядныя і кантрольныя органы не бачаць у гэтым ніякіх парушэнняў, я тут нічога не ўглядаю, акрамя карупцыйнага складніка.
Дзе ў цэнтры Мінска яшчэ можна зрабіць рэстаўрацыю
На думку эксперта, у гістарычным цэнтры сталіцы засталіся толькі дзве пляцоўкі, дзе можна зрабіць годную рэстаўрацыю.
Адна з іх — тэрыторыя Замчышча.
Калісьці праект па гэтай тэрыторыі распрацоўваў архітэктар Сяргей Багласаў. Па яго задуме, там планавалася зрабіць археалагічны музей і стылізаваную частку Замчышча ў форме паўкруга, што не адпавядала ранейшым абрысам валоў. Але ў дзяржавы тады не знайшлося грошай на рэалізацыю гэтага праекта.
Фота yandex.by.
Антон Астаповіч лічыць, што было б добра рэканструяваць будынак спартыўнага таварыства «Працоўныя рэзервы» і змясціць там філіял музея гісторыі Мінска. Што да забудовы старажытнага Нізкага рынку, то з яе аднаўленнем ёсць пэўная тэхнічная цяжкасць — на той тэрыторыі знаходзіцца шэсць падземных насосных станцый, якія адкачваюць ваду са станцыі метро «Няміга». Але можна планіроўку колішняй забудовы пазначыць візуальнымі сродкамі — напрыклад, машчэннем іншага колеру, ландшафтным дызайнам.
— У перспектыве гэта можна было б навесіць на інвестара, тым больш там работа не надта дарагая, — кажа гісторык.
Другая пляцоўка знаходзіцца ў дварах амаль адразу за Беларускім цэнтрам моды, што на праспекце Пераможцаў. Там варта аднавіць фрагмент вуліц Мясніцкай і Новамясніцкай.
Фота yandex.by.
— Так, гэта тэрыторыя будзе закрыта фронтам савецкай забудовы, але рана ці позна ён будзе дэмантоўвацца, бо дамы аджывуць не толькі свой маральны, але і фізічны тэрмін. Я б прапанаваў рабіць усё згодна з праектамі забудовы канца XIX-пачатку ХХ стагоддзя, тым больш матэрыялы цалкам захаваліся ў Нацыянальным гістарычным архіве. Там мусіць узнікнуць адна-двухпавярховая мураваная забудова так званага галерэйнага тыпу.
Гатэль «Кемпінскі» і «дома Чыжа» як своеасаблівыя помнік эпохі аграгламуру
Чаму да рэстаўрацыі ўзнікае столькі пытанняў? Асноўная праблема ў тым, што фактычна няма механізмаў уплыву на інвестараў і ўзгадняючыя органы.
— Справа не ў тым, што дзесьці ўставілі пластыкавыя вокны ці прарубілі новы дзвярны праём. У нас няма сістэмы.
Кодэкс аб культуры «дзіравы», як сіта. У нас фактычна можна зрабіць, што заўгодна, і пры граматным юрысце сысці ад адказнасці.
Каб захаваць гістарычны будынак, трэба старацца, каб ён атрымаў статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, таму што, калі ён пад аховай дзяржавы, ёсць юрыдычныя падставы хоць нешта рабіць у яго абарону. А калі статусу няма — знясуць, і ўсё будзе ў межах закону, — заўважае суразмоўца.
Фота Сяргея Гудзіліна.
Ёсць меркаванне, што юрыдычная абарона адпужвае інвестараў і соцыум сам павінен сябе рэгуляваць у пытаннях аховы спадчыны. Але, упэўнены Антон Астаповіч, гэта справа экспертаў. Таварыства частку сваіх прапаноў па ўдасканаленні Кодэкса аб культуры ўжо падала ў Мінкульт, Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследаванняў і парламент.
Іншая праблема — у Беларусі адсутнічае рэстаўрацыя як такая. Няма тэхнічных нарматываў і ліцэнзавання па гэтай дзейнасці, а таму рэстаўрацыя па сутнасці лічыцца звычайным будаўніцтвам.
— У нас няма нармальнай інспекцыі па ахове спадчыны. Згодна з кодэксам, уся адказнасць ускладзена на мясцовыя органы ўлады. Так, там ёсць добрыя спецыялісты, але яны залежныя — як што, яны маўчаць, бо могуць пазбавіцца працы.
Калісьці сістэму спрабавалі стварыць. У 1992 годзе быў прыняты Закон аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны, і згодна з ім стварылі адпаведныя Дзяржаўную інспекцыю па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і Дзяржаўны камітэт па рэстаўрацыі. Рэстаўрацыйная дзейнасць была ліцэнзаваная.
— У 1999-м ліцэнзаванне рэстаўрацыйнай дзейнасці скасавалі. Але ж яшчэ некалькі гадоў існаваў дадатак да ліцэнзіі, які выдавала Міністэрства культуры. Потым і гэта знікла.
Я лічу, віна ляжыць цалкам на міністэрстве, як на зусім «бяззубым органе», які не займаў прынцыповай пазіцыі, — кажа эксперт.
У Еўропе станоўчых прыкладаў рэгенерацыі гістарычных цэнтраў хапае. Тыя ж Дрэздэн, Варшава, Гданьск, Будапешт.
— Там далёка не ідэальная сітуацыя, але такіх вялікіх праблем няма. Бо ўсё ўпіраецца ў прававую сістэму, — мяркуе Антон Астаповіч. — Канечне, паралельна трэба і народ адукоўваць.
Напрыклад, сітуацыя з залатымі купаламі на цэрквах. Вельмі часта кажуць: вось, гэта інтэрвенцыя, Масква сваю ідэалогію навязвае. Але гэта нізкі густ у прыхаджан, ім так падабаецца.
Залатыя купалы ўзнікаюць не столькі па ініцыятыве бацюшак — самі прыхаджане знаходзяць спонсарскія грошы і кажуць: хочам. Я не першы раз з гэтым сустыкаюся.
Што да сталічных «монстраў» — гатэля «Кемпінскі», «дома Чыжа», бізнэс-цэнтра на Кастрычніцкай плошчы, — то Антон Астаповіч ацэньвае іх як своеасаблівыя помнік эпохі аграгламуру.
Фота Надзеі Бужан.
— Я чытаю архітэктуру і з пункту гледжання грамадска-палітычных стасункаў у пэўны час. Мы з калегамі жартуем: калі праз 200 год сюды прыляцяць марсіяне, ім і без вывучэння нашай мовы і гісторыі будзе зразумела, што ў якую эпоху з’явілася.





