У сераду шэраг СМІ паведаміў, што па Польшчы ездзяць электрычкі з картай часткі тэрыторыі Беларусі. Радыё Свабода скантактавалася з уладамі Падкарпацкага ваяводзтва на паўднёвым усходзе Польшчы. Гэта была іхная ініцыятыва.

Аказваецца, на рэйкі цягнік выехаў яшчэ летась — 27 верасьня 2018 году. Але СМІ заўважылі яго толькі цяпер, дзякуючы допісу ў Фэйсбуку ўкраінскага ілюстратара Сашы Камʼяхава.

У сацыяльных сетках распачаліся гарачыя дыскусіі. Палякаў абвінавацілі ў спробе перагляду межаў, імпэрскасьці і нават расізьме. Пра цягнік зь гістарычнай мапай паведамілі СМІ Беларусі, Украіны і нават прапуцінскія сэрвісы ў Расеі, у тым ліку найбуйнейшае дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва РИА Новости.

Як даведалася Свабода, Ініцыятыва такога афармленьня аднаго з вагонаў належыць уладам Падкарпацьця. Пра гэта нам распавялі ў прэс-службе ўправы Падкарпацкага ваяводзтва. Рашэньне аформіць такім чынам электрычку было прынятае яшчэ ў ліпені 2018 году.

Такім чынам улады рэгіёну хацелі ўшанаваць 100-годзьдзе аднаўленьня польскай незалежнасьці.

«Мапа прадстаўляе рэальныя межы ІІ Рэчы Паспалітай і зьяўляецца толькі элемэнтам вялікай графікі, прысьвечанай адзначэньню 100-годзьдзя аднаўленьня польскай незалежнасьці», — сказаў Свабодзе прэс-сакратаў ваяводзкага ўпраўленьня Томаш Лейка.

Ён дадаў, што галоўным элемэнтам выявы зьяўляецца белы арол у кароне, а таксама выявы жаўнераў, бітваў і партрэт Юзафа Пілсудзкага, усё ў бела-чырвоных колерах польскага сьцяга.

Мапа Польшчы, у склад якой паміж І і ІІ усясьветнымі войнамі, да 1939 года, уваходзілі заходнія часткі Беларусі і Ўкраіны, была нанесеная на адзін вагон.

«Мапа Польшчы — гэта згадка пра першыя, гістарычныя межы адроджанай польскай дзяржавы. Гэта неадʼемны элемэнт графічных дэкарацый з нагоды 100-годзьдзя незалежнасьці па ўсёй краіне. Таму нас цяжка абвінаваціць у падрыве цэласнасьці межаў Беларусі і Украіны, а таксама ў распальваньні рэваншысцкіх настрояў», — сказаў прэс-сакратар управы Падкарпацкага ваяводзтва Томаш Лейка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?