Вядомы пісьменнік, аўтар кнігі «Радзіва Прудок», Андрусь Горват адмовіўся ад удзелу ў літаратурнай прэміі імя Гедройца.

Летась Горват напісаў кнігу «Прэм’ера», таму мог удзельнічаць у конкурсе. Аднак Горват узяў самаадвод. Чаму так адбылося? Пра гэта «НН» спытала ў самога пісьменніка.

«Я б не хацеў адказваць, але тады маім адказам будзе «Адмовіўся даць каментар», так? І гэта будзе выглядаць як крыўда, якую я дэманстратыўна ўтойваю. Папраўдзе, ніякай крыўды няма. Наадварот, я ўдзячны ПЭН-Цэнтру за шматлікія запрашэнні і прапановы. Ніколі не карыстаўся імі, але маю прыязныя стасункі з кіраўніцтвам. Пры сустрэчы паціснуць руку гатовы.

Не падзяляю і не хачу падзяляць тэорыю змовы і размовы пра тусовачкі. Да членаў журы прэміі таксама ніякіх прэтэнзій не маю, некаторых нават люблю. Прычына, па якой я адмовіўся ад удзелу, не з'яўляецца вынікам аб'ектыўных фактараў, яна абсалютна індывідуальная: проста я не хачу губляць час на пісьменніцкую кар’еру і акцэнтаваць на ёй сваю ўвагу. У літпрацэсе, у які я выпадкова трапіў, мне падабаецца толькі пісаць тэксты. Усё астатняе я па магчымасці адсякаю», — адказаў Андрусь Горват.

Андрэй Горват нарадзіўся ў 1983 годзе. Адзін з самых папулярных пісьменнікаў Беларусі. Па яго аўтографы выстройваюцца вялікія чэргі. Жыве ў вёсцы Прудок (Калінкавіцкі раён).

Раней удзел у прэміі Гедройца адмовіўся браць Альгерд Бахарэвіч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?