У Беларусі ў будучыні плануецца выкарыстоўваць напаўпразрыстыя скрыні і электроннае галасаванне. Пра гэта ў праграме «Тыдзень» тэлеканала СТБ заявіла старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына, піша БЕЛТА.

«Мы паступова вучымся тым або іншым стандартам. Праўда, ад таго, што мы яшчэ не паспелі прымяніць, іншыя ўжо адмаўляюцца. Напрыклад, на нас без канца ідзе ціск наконт таго, калі будуць ўсюды выкарыстоўвацца празрыстыя скрыні для галасавання.

Адразу магу сказаць — гэта ўжо не модна, больш за тое, гэта супярэчыць міжнародным стандартам — празрыстыя скрыні не забяспечваюць тайну волевыяўлення выбаршчыкаў. Модна выкарыстоўваць напаўпразрыстыя скрыні, модна, прынамсі, часткова, выкарыстоўваць электроннае галасаванне.

Думаю, мы таксама будзем гэта з часам паступова ўкараняць», — сказала Лідзія Ярмошына.

Гаворачы аб змяняльнасці парламента, яна адзначыла: паводле пажадання кіраўніка дзяржавы каля траціны дэпутатаў павінна заставацца на другі тэрмін.

Але ёсць і другое пажаданне: як правіла, тэрмін паўнамоцтваў у кожнага індывідуальнага дэпутата павінен быць не большы за 2 тэрміны запар. «Ёсць падтрымка і падбор будучых кандыдатаў з улікам захавання ўсіх прапорцый», — падкрэсліла старшыня Цэнтрвыбаркама.

Таксама яна звярнула ўвагу на тое, што выбары пройдуць у святочны дзень — 7 лістапада. На думку Лідзіі Ярмошынай, гэта вельмі ўдалая ідэя: такім чынам «дзяржаўнае дзейства будзе адпавядаць дзяржаўнаму святу».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0