Чарнагорыя знаходзіцца яна на ўзбярэжжы Адрыятычнага мора. Пабывала я там на адпачынку напрыканцы ліпеня. Тэмпература паветра выдавала 35—38 градусаў, а вада ў моры была 24 па Цэльсію. Хто любіць кантрасты, таму самы раз такі экстаз.

Адпачывалі мы ў Будве, даволі каларытны гарадок, зацішны, аточаны гарамі, па якіх кружляе серпанцін дарог. Калі горныя вершаліны ахінае ноч і чорнае неба зліваецца з гарамі, то здаецца, машыны, мільгаючы агнямі, імчаць па небе. Неверагоднае відовішча! 

Да самага ўзбярэжжа ля стромкага абрыва падступае старадаўні горад-крэпасць з вузкімі вуліцамі, падобнымі на шчыліны. Пашпацыравала я па вулічных лабірынтах некалькі вечароў, і маёй беларускай натуры зрабілася цесна ды няўтульна: я люблю прастору і бяскрайнасць даляглядаў. Новая частка Будвы таксама шчыльна забудавана сучаснымі віламі і гатэлямі. Турыстычны бум. 

Паўсюль актыўна працуюць шматлікія крамы. Прадавачкі ў іх маюць выраз твару быццам яны, насамрэч, графіні, а за касай апынуліся выпадкова. З намаганнем выціскаюць яны з сябе слова «ізволітэ», то бок «калі ласка», і дадаюць нацягнутую ўсмешку. Глядзіш на каторую і думаеш: «Як у яе ад натугі твар не трэсне?» Трэба сачыць за чэкамі, адна «графіня» ад гандлю хацела падмануць нас на пяцьдзясят еўра. Муж перадаў ёй сотню для разліку, а яна рэшту за пакупку адлічыла як з пяцідзесяці і робіць выгляд, што так і трэба, чакала, што не заўважым, але трук не ўдаўся, прыйшлося даставаць з касы яшчэ паўсотні і аддаваць пакупніку. На віле, дзе здымалі апартаменты, сустрэлі мы кампанію маладых беларусаў з Гомеля і папярэдзілі іх, каб былі ўважлівыя ў крамах, бо падмануць, а маладзёнаў, як высветлілася, ужо паспелі абдурыць, прадавачка не даклала ім у пакет частку аплачаных прадуктаў. 

Герб Мантэнегра ў выглядзе двухгаловай птушкі, гэткае ж дваякае ўражанне і ад жыхароў: адна частка з іх хітруны ды жлабы, а другая — прыемныя, ветлівыя людзі, гатовыя падказваць і дапамагаць турыстам. Агульная колькасць насельніцтва краіны ўсяго 600 тысяч, і гэтая акалічнасць абсалютна не замінае ім паслядоўна адстойваюць сваю незалежнасць і чарнагорскую мову, якая з’яўляецца адзінай дзяржаўнай мовай краіны.

Мы адзначылі беларускую прысутнасць у Мантэнегра фотасесіяй на вуліцах Будвы ў цішотцы «Belarus»! А вечарам таго ж дня муж убачыў у горадзе беларускую сям’ю, бацька сямейства быў апрануты ў цішотку, на якой красаваўся надпіс «Мова — гэта стылёва».

— Эх! Жонка б з вамі сфоткалася! А то мы ўдзень рабілі здымкі, шукалі беларусаў, каб разам шчоўкнуцца, на жаль, не сустрэліся нам, затое спаткалі афрыканца, — распавёў муж землякам пра прыгоды ў Мантэнегра… 

Дні адпачынку праляцелі хутка, турыстычная кампанія везла ў аэрапорт поўны аўтобус беларусаў, дождж ліў як з вядра, вузкую дарогу спрэс запаўняў транспарт, перад самым аэрапортам патрапілі ў аўтамабільны затор, аўтобус ледзь сунуўся наперад. У салоне завісла напружанасць, турысты між сабой перагаворваліся: можам спазніцца на рэйс. Раптам па ўзлётнай паласе набраў разгон і ўзмыў у неба самалёт. Дзяўчынка гадоў сямі праводзіла яго паглядам блакітных вачэй і заклапочана прамовіла: «Наш паляцеў!» Нехта стрымана хіхікнуў, а ўслед салон выбухнуў дружным смехам, напружанасць імгненна знікла. Наш самалёт якраз-такі яшчэ не адляцеў, паспеем! Прыбылі ў аэрапорт за сорак пяць хвілін да адлёту, імкліва здалі багаж, асабовы і пашпартны кантроль адбыўся ў хуткасным рыжыме. На выхадзе з аэрапорта сцюардэсы гукалі: «Белавія» просіць пасажыраў прайсці да самалёта!» Роўна па графіку пасажыры былі на сваіх месцах, і нас прывітаў камандзір паветранага судна. Усё чотка! Гэта рэйс у Беларусь, дзетка!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?