З 2011 года Асацыяцыя маладых творцаў «Да тэатра»/

Stowarzyszenie Młodych Twórców - «Ku Teatrowi» (Познань, Польшча) арганізуе Кінамайстроўню для беларускіх кінасупольнасцяў.

Да гэтага часу ўдзельнікамі семінараў і сустрэч у Беларусі сталі і вядомыя беларускія рэжысёры: Галіна Адамовіч, Віктар Аслюк, Алег Дашкевіч, Вольга Дашук, Уладзімір Колас, Віктар Корзун, Аляксандр Матафонаў, Багдан Арлоў, Ірына Волах, Юрый Хашчавацкі, а таксама аматары і пачаткоўцы. Выкладчыкамі былі знакамітыя польскія рэжысёры, звязаныя з Польскай школай кінадакумэнталістыкі і Лодскай кінашколай у рамках праекта «15 хвілін: Беларусь!».

Праграма Майстроўні ўключае:

  • 24.08.2019 — 25.08.2019 — даклады, ілюстраваныя польскімі дакументальнымі кароткамэтражнымі фільмамі і сустрэчы, на якіх будзе прэзентаваны № 33 часопіса «pARTisan», прысвечаны польскаму дакументальнаму кіно; а таксама беларускае выданне падручніка «Дапаможнік кінадакумэнталіста» аўтарства праф. Гражыны Кэндзеляўскай з Польскай вышэйшай кінашколы ў Лодзі, пераклад на беларускую Святланы Курс (2017).

Дапаможнік у фармаце PDF можна спампаваць тут http://docmajstrounia.com/infarmacyja/

1. Класіка і авангард у польскім дакумэнтальным кіно, ілюстраваная лекцыя — Іаланта Кільян, 4-5 гадзін

2. «Шчаслівыя работніцы і работнікі — дэканструкцыя міфаў у польскай кінадакументалістыцы 1950-1990-х» — ілюстраваная лекцыя, Святлана Курс, 4 гадзіны.

3. «Дапаможнік кінадакумэнталіста, альбо як гэта робіцца ў польскай кінадакументалістыцы» — Іаланта Кільян, Святлана Курс, 2 гадзіны.

  • 26.08.2019 — 28.08.2019 — заняткі правядуць Вольга Дашук і Віктар Аслюк, вядомыя беларускія кінадакументалісты. У рамках гэтай Майстроўні яны зладзяць заняткі паводле кнігі «Дапаможнік кінадакумэнталіста» праф. Гражыны Кэндзеляўскай (унікальнага ў сусветным маштабе падручніка па стварэнні дакумэнтальных фільмаў).

Падчас заняткаў удзельнікі змогуць атрымаць практычныя веды аб выбары формы дакументальнага фільма, спосабу вядзення здымкаў (з удзелам камеры ці толькі абсервацыя). Як здзяйсняецца выбар і прэзентацыя герояў у дакумэнтальным фільме? Якая функцыя слова і каментара? Якія кінасродкі можна ўжыць і дзеля чаго? Таксама будуць разглядацца пытанні этычнай адказнасці рэжысёра.

Майстар-класы скіраваныя да прафэсіяналаў і аматараў — стваральнікаў кіно, зацікаўленых дакументальным фільмам, які становіцца ўсё больш папулярным у інтэрнеце і на сусветных кінафестывалях. Дакументальнае кароткаметражнае кіно — гэта найперш сіла вобразу і сіла свядомага мастацкага выказвання. Адказваючы на пытанні: Навошта я раблю фільм? Пра каго і пра што я раблю фільм? Якім чынам яго зрабіць? — удзельнікі майстар-класаў прэзентуюць на пітчынгу свае кінапраекты, над якімі будуць працаваць далей падчас заняткаў. Індывідуальна і ў групах.

Ахвотных да ўдзелу ў Майстроўні кінадакумэнталістыкі просім дасылаць заяўкі кінапраекта, які мы зможам абмеркаваць, распрацаваць і пашукаць магчымасці для вытворчасці (фармуляр у дадатку).

Асабліва нас цікавяць праекты кароткаметражных дакументальных аўтарскіх фільмаў-расповедаў, працягласьцю ад 5 да 15 хвілін, якія можна прэзентаваць як на фэстывалях, так і ў інтэрнеце. Мы шукаем фільмы, якія апісвалі б герояў і з’явы з Беларусі, з найбліжэйшага атачэння рэжысёра, калі камера можа здымаць жыццё зблізку або калі рэжысёр здымае важную падзею.

Да 08.08.2019 мы чакаем на вашыя заяўкі. Просьба запаўняць іх па-беларуску ці руску.

Анкета: абавязкова трэба запоўніць старонку 1 (інфармацыйную) і даслаць сінопсіс.

Калі ў вас ёсць іншыя дадаткі і матэрыялы, у тым ліку здымкі (трэйлеры, прэзэнтацыі ў power point ды інш.), просім іх дасылаць таксама. Чым больш матэрыялаў і інфармацыі, тым большая магчымасць развіцця праекта і прадстаўлення яго спонсарам.

Анкета: https://drive.google.com/file/d/1xERy

Падчас заняткаў кінамайстроўні мы можам зладзіць таксама пітчынг кінапраектаў і будзем працаваць над канкрэтнымі фільмамі.

Удзел у Майстроўні кінадакумэнталістыкі у Kaptaruny Art Village бясплатны.

транспарт падаюць арганізатары (таксама бясплатна).

Колькасць удзельнікаў абмежаваная: максімум 15 чалавек, 15 кінапраектаў.

Падрабязнасці — www.facebook.com/events.

У рамках праекта «Класіка і авангард: польская кінадакументалістыка».

Падтрымана Міністэрствам культуры і нацыянальнай спадчыны Рэспубліка Польшча ў рамках праграмы «Незалежная» на 2017-2022 гг. і ў рамках праграмы інстытута Адама Міцкевіча «Культурныя масты». www.culture.pl

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0