У чацвер, 25 ліпеня, паліцыя Швейцарыі спыніла аўтобус з беларускімі нумарамі. Высветлілася, што ў аўтобуса няспраўныя тармазы. Паліцыя забараніла рух, пакуль няспраўнасць не будзе ліквідаваная, і беларускім турыстам давялося застацца ў Швейцарыі. Беларускае консульства ўзяло сітуацыю на кантроль. Пра гэта Tut.by паведамілі чытачы, пра беларускіх турыстаў таксама напісалі мясцовыя СМІ.
У Сан-Бернардыне, вядома, прыгожа. Але беларускія турысты не планавалі тут спыняцца. Фота: Wikimedia Commons.
Паліцыя кантона Граўбюндэн спыніла аўтобус, калі ён пад'язджаў да камуны Сан-Віторэ. Праверка паказала, што ў аўтобуса няспраўныя тармазы. Паліцыя забараніла рух аўтобуса, пакуль тармазную сістэму не адрамантуюць. Перамовы з кіроўцам аўтобуса ўскладняліся яшчэ і тым, што ён размаўляў толькі па-руску.
Каля 50 турыстаў — беларусаў і некалькіх расіян, многія з якіх былі з дзецьмі, знялі з аўтобуса. Ім арганізавалі транспарт да вёскі Сан-Бернардына, дзе ім давялося правесці ноч з чацвярга на пятніцу і, мяркуючы па ўсім, прыйдзецца правесці і гэтую.
«Мая сяброўка сярод турыстаў. Гэта быў тур па Еўропе, з Мінска ў Партугалію, там яны правялі некалькі дзён, потым заехалі ў Барселону, затым у Венецыю і накіроўваліся ў Прагу транзітам праз Швейцарыю», — распавёў чытач Віталь.
Ён жа паведаміў, што беларускае консульства ў Швейцарыі ўзяло сітуацыю пад кантроль.
«Дрэнна тое, што беларускі перавозчык ніяк не можа вырашыць праблему, а людзі ўжо ў нядзелю павінны вярнуцца ў Мінск — у многіх заканчваецца адпачынак, іх чакае праца», — дадаў Віталь.
Пакуль жа турыстам, якія не збіраліся спыняцца ў Швейцарыі, даводзіцца гуляць па наваколлях і спадзявацца на тое, што аўтобус усё ж адрамантуюць.





