Жыхар Магілёва пазнаёміўся ў інтэрнэце з 25-гадовай дзяўчынай з Чавусаў. Магілёвец запрасіў даму ў госці. Жанчына пагадзілася, але з адной умовай — патрэбныя грошы на выдаткі: яна ў дэкрэце, самаму малодшаму з чатырох яе дзяцей 4 месяцы, паведамляе міліцыя.

Магілёвец перавёў абумоўленую суму жанчыне на карту, аднак тая не прыехала, спасылаючыся на занятасць.

Гісторыя паўтарылася яшчэ раз — сарвалася і другое аплачанае спатканне. Тады прадпрымальная жанчына папрасіла выслаць даныя банкаўскай карткі, каб нібыта зверыць некаторыя лічбы.

Пацярпелы сфатаграфаваў карту з двух бакоў і адправіў здымкі. Дзяўчына прывязала карту да анлайн-казіно, выйгрышы з якога прыходзілі на яе картку. Па даных чужой карты яна таксама аплачвала інтэрнэт-гульні і ўдзельнічала ў латарэях. Агулам яна вымантачыла ў магілёўца амаль тысячу рублёў.

За махлярства супраць жанчыны распачалі крымінальную справу па ч. 1 арт. 209 Крымінальнага Кодэкса, а за крадзеж чужых сродкаў з выкарыстаннем камп'ютарнай тэхнікі ёй трэба будзе адказаць па 212 артыкуле КК.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0