Чэская пракуратура адкрыла справу супраць грамадзяніна Беларусі, які жыве ў Чэхіі, за ўдзел у баявых дзеяньнях на Данбасе на баку «Данецкай народнай рэспублікі» («ДНР»). Пра гэта паведаміў у панядзелак журналістам прадстаўнік чэскай Генэральнай пракуратуры Марэк Бодлак, піша «Радыё Свабода».

«Крымінальны перасьлед замежнага грамадзяніна зь відам на жыхарства ў Чэхіі пачаўся сёлета ў ліпені», — сказаў ён.

Беларускі грамадзянін, 40-гадовы Аляксей Ф., паводле Бодлака, ад 2014 да 2016 году неаднаразова выяжджаў на ўсход Украіны. Там ён быў задзейнічаны ў баявых апэрацыях у складзе частак сіл «ДНР.» Яму пагражае да 15 гадоў зьняволеньня.

Пад падазрэньне дэтэктываў з Нацыянальнага цэнтру барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю грамадзянін Беларусі трапіў летась. Два тыдні таму быў абвінавачаны ў «тэрарыстычнай дзейнасьці, у выніку якой магла быць нанесеная цяжкая шкода здароўю грамадзян».

Абвінавачаны ў гэты момант ужо адбывае турмовы тэрмін за нанясеньне цяжкіх пашкоджаньняў.

У Чэхіі крымінальныя справы паводле абвінавачаньняў ва ўдзеле ў баях на ўсходзе Ўкраіны распачатыя супраць 15 грамадзянаў. Чэскае заканадаўства забараняе грамадзянам краіны службу ў замежных узброеных сілах і ваенізаваных падразьдзяленьнях, якія былі задзейнічаныя ў баявых апэрацыях. Забарона не пашыраецца на асобаў, якія атрымалі адпаведны дазвол ад прэзыдэнта рэспублікі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?