У Чачэрскім раёне ў ноч на 12 ліпеня затрымалі два грузавікі з больш чым 20 т металалому, паведамляе міліцыя.
Па дарозе ў вёску Сідаравічы на начной дарозе супрацоўнікі РАУС дагналі гружаны МАЗ, які накіроўваўся ў бок мяжы з Расіяй. Праваахоўнікі спынілі машыну для праверкі і выявілі ў кузаве лом металу. Фуру павярнулі ў бок Чачэрска. Адзін з супрацоўнікаў узвода для суправаджэння перасеў у грузавы аўтамабіль, другі — на службовай машыне рухаўся за імі.
Не паспелі яны праехаць некалькі кіламетраў, як па сустрэчнай паласе прайшоў яшчэ адзін вялікагруз МАN. Міліцэйскі УАЗ павярнуўся і дагнаў аўтамабіль, супрацоўнік міліцыі ўключыў пробліскавыя маячкі і праз гучную сувязь даў каманду кіроўцу спыніць фуру. Патрабаванне праваахоўніка той выканаў не адразу. Заехаўшы ў вёску Красны Бераг, МАN рэзка затармазіў каля крамы, а вадзіцель збег. Грузавік сапраўды аказаўся загружаны ломам чорнага металу. Цяпер высвятляецца ўладальнік фуры і той, хто знаходзіўся за яе рулём.
Праводзіцца праверка і наконт МАЗа. У адной машыне знаходзілася 8 т металалому, у другой — 15 т.





