Урад Расіі лічыць справядлівым патрабаванне Беларусі аб павышэнні тарыфу на прапампоўку нафты па сваёй тэрыторыі, але яно павінна быць ніжэйшым, чым прапануюць улады Беларусі. Пра гэта журналістам паведаміў расійскі віцэ-прэм'ер Дзмітрый Козак, піша ТАСС.
Паводле яго слоў, Расія гатова разгледзець пытанне аб паступовым выраўноўванні тарыфаў у Расіі і Беларусі для «Транснафты» і ўжо падрыхтавала кампрамісны варыянт.
«Патрабаванні па павышэнні тарыфу на транзіт нафты праз Беларусь справядлівыя, але не да такой ступені, якая была заяўлена беларускім бокам (на 21,7%). Не да такой ступені, гаворка ідзе аб выраўноўванні, там сапраўды самыя нізкія тарыфы на прапампоўку нафты, ніжэйшыя, чым у Расіі, ніжэйшыя, чым ва Украіне і ў Еўропе», — сказаў ён.
Козак адзначыў, што мае намер у суботу абмеркаваць з віцэ-прэм'ерам Беларусі Ігарам Ляшэнкам тарыф на прапампоўку нафты. Паводле яго слоў, мінімальна ён вырасце да ўзроўню дзеючага на тэрыторыі Расіі, але ўжо гатова кампрамісная прапанова.





