На 68-м годзе жыцця памёр археолаг Аляксандр Плавінскі. Прычынай смерці стала спыненне сэрца. 

Аляксандр Плавінскі. Фота з vk.com.

Аляксандр Плавінскі. Фота з vk.com.

Аляксандр Плавінскі нарадзіўся ў Мінску, ад 1975 года працаваў на гістарычным факультэце БДУ. «Да 2017 года ён штогод кіраваў ці проста ўдзельнічаў у археалагічных экспедыцыях, — расказвае пра бацьку Мікалай Плавінскі, таксама археолаг. — Ён даследаваў пахавальныя помнікі (курганы) на Гомельшчыне, Віцебшчыне і Міншчыне». 

Аляксандр Плавінскі выгадаваў двух сыноў, якія працягнулі справу бацькі. Мікалай Плавінскі — адзін з найбольш вядомых на сёння айчынных археолагаў, Уладзімір Плавінскі — не толькі арганізатар беларускамоўных канцэртаў і фэстаў, але таксама археолаг. 

«Я ўпершыню трапіў на раскопкі ў 1994 годзе, брат — у 2003. Вядома, што гэта любоў нам перадалася ад таты. Адметна, што яго апошняй экспедыцыяй былі Наўры на Мядзельшчыне, ужо на наступным тыдні мы зноў едзем менавіта туды», — расказвае сын. 

«Бацька ў асноўным размаўляў па-руску. Але з канца 1980-х ён актыўна выступаў за беларусізацыю, за навучанне на беларускай мове, падтрымліваў беларускія арганізацыі», — кажа Мікола Плавінскі. 

Развітанне з Аляксандрам Плавінскім адбылося 9 ліпеня ў сямейным коле, яго ўжо крэміравалі, а пахаваюць на Паўночных могілках побач з бацькамі. «Ён быў вельмі сціплым чалавекам і не хацеў ніякага публічнага развітання», — гаворыць Мікалай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?