Аляксандр Лаўрэнцьеў. Фота Hrodna.Life.
Актывіста з Горадні Аляксандра Лаўрэнцьева і расейскага актывіста Алега Савіна зьбілі ў Беластоку. Абодва былі ў майках з выявай Пагоні і надпісам Belarus, піша «Радыё Свабода».
Мужчыны цяпер часова працуюць у Польшчы. Падзеі адбываліся побач з інтэрнатам, дзе яны жывуць.
Як расказаў Аляксандр Лаўрэнцьеў, напад адбыўся ўвечары 29 чэрвеня. Яны з сябрам адпачывалі каля інтэрната. Раптам падышла кампанія невядомых маладых людзей і без бачнай прычыны пачала зьбіваць іншых маладзёнаў, якія былі побач.
Калі тыя ўцяклі, нападнікі пераключыліся на Лаўрэнцьева і Савіна. Білі па тулаве, твары, галаве. Нападнікі — мужчыны ва ўзросце 25—30 гадоў, іх было 4 або 5. Падчас бойкі хлопцы паўтаралі: «Едзьце дадому. Мы яшчэ вернемся». Нехта пагражаў парваць майку з Пагоняй.
У згаданых інтэрнатах на вуліцы Звярынецкай жывуць іншаземцы, што прыехалі ў Беласток на заробкі.
Завялі крымінальную справу. Ці знайшлі нападнікаў, пацярпелыя хлопцы пакуль не ведаюць.
Па іхніх словах, раней пра бойкі на нацыянальнай глебе ў гэтым раёне Беластока не было чуваць.
Аляксандар Лаўрэньцьеў вядомы пэрфомансамі ў Горадні, калі ён апранаўся ў турэмную робу, каб заявіць пра абмежаваньне сваіх правоў, і ставіў намёт перад гарадзкой адміністрацыяй, каб прыцягнуць увагу да жыльлёвых праблемаў у горадзе.
Алег Савін пасьля анэксіі Крыму зладзіў акцыю ў Калінінградзе перад мясцовай адміністрацыяй, узьняўшы нямецкі сьцяг.





