Кіраўнік еўрапейскай дыпламатыі Федэрыка Магерыні намінавала Дзірка Шубеля на пасаду новага кіраўніка прадстаўніцтва ЕС у Беларусі, піша Tut.by. Зараз Шубель узначальвае ўпраўленне Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў (ЕСЗД) па Расіі.
Дзірк Шубель, фота: «Мінскі дыялог».
Фармальна Шубель яшчэ павінен атрымаць згоду Мінска на прызначэнне. Пасля гэтага ён зменіць на пасадзе кіраўніка прадстаўніцтва ЕС Андрэа Віктарын, якая займала гэтую пасаду з 2015 года. Сама Віктарын адправіцца на аналагічную пасаду ў Арменію.
Шубель некалькі разоў прыязджаў у Беларусь на сваёй пазамінулай пасадзе — начальніка ўпраўлення двухбаковага супрацоўніцтва з краінамі «Усходняга партнёрства» ЕСЗД. Ён узначальваў дэлегацыю Еўрасаюза на сустрэчах каардынацыйнай групы «Беларусь-ЕС».
Дзірк Шубель нарадзіўся ў 1965 годзе ва Усходняй Германіі, аднак большую частку жыцця пражыў у ФРГ. У Бруселі ён працаваў над уключэннем Венгрыі ў ЕС. Пасля гэтага ён працаваў у прадстаўніцтве Еўракамісіі ва Украіне і ўзначальваў прадстаўніцтва ЕС у Малдове.





