Сёлета не было выпадкаў, каб нехта здаў адразу тры цэнтралізаваныя тэсціраванні на 100 балаў. Пра гэта «Нашай Ніве» расказаў дырэктар Рэспубліканскага інстытута кантроля ведаў Юрый Міксюк.
«Такога не было і летась. Ні тры ЦТ, ні тым больш чатыры ніхто на максімум не здаў», — сказаў Міксюк.
У эфіры канала АНТ ён удакладніў, што 325 чалавек здолелі набраць 100 балаў, з іх 12 — па двух прадметах.
А агулам сярэднія балы ў параўнанні з тым годам выраслі ў паўтара-два разы (праз змену сістэмы падліку балаў).
Таксама вядома, што сёлета больш за палову абітурыентаў адказала менш як на 10 пытанняў тэста.
Чытайце таксама: Жартаўнік набраў на ЦТ па кітайскай мове 34 балы, ведаючы толькі адну фразу!





