Паўдзельнічаць у экалагічнай акцыі «Пакед, пакет»

У чацвер 4 ліпеня беларусам прапануюць убачыць месца, дзе штодня хаваюць бытавое смецце мінчукоў — палігон «Трасцянецкі». Арганізатары ўпэўненыя, што экскурсія ў «адваротны бок чыстага горада» натхніць кожнага ўзяць у краме хоць бы на адзін пакет менш. Каб з'ездзіць на палігон і на размешчаны побач завод, дзе сартуюць смецце, трэба падаць заяўку і расказаць пра сваю матывацыю. Зрабіць гэта можна тут.

На кожную з бясплатных экскурсій адбяруць 40 гараджан.

Калі першы ўчастак гэтага палігона запаўнялі адходамі 10 гадоў, то другі, такі ж па плошчы, ужо праз 1,5 года апынуўся загружаны напалову.

Удзельнікі экскурсіі таксама наведаюць сартавальны завод «Спецкамунаўтатранс», дзе са смецця бяруць карысныя рэсурсы, каб перапрацаваць іх і пакінуць менш адходаў. Завод дапамагае ператвараць выкарыстаную пластыкавую ўпакоўку ў футбольную форму, садовую мэблю і іншыя файныя рэчы.

Дзе: палігон «Трасцянецкі»

Калі: 4 чэрвеня (чацвер), 10:00

Колькі: бясплатна

Паглядзець кіно бясплатна — KINOkorpus: Unknown Movie

Кожную сераду ў «Корпусе» паказваюць фільмы. Бясплатна. Фішкай праекта з’яўляецца тое, што да апошняга ніхто (нават самі арганізатары) не ведаюць, што будуць паказваць гэтым разам. Вырашаецца гэта з дапамогай скрынкі з назвамі розных фільмаў і чыёйсьці шчаслівай рукі. Арганізатары папярэджваюць, што ў скрынцы можа не знайсціся ніводнага фільма, назву якога вы калісьці б чулі. Фільм можа як зачапіць вас з першай хвіліны, так і пакінуць абыякавым да канца сеанса. Ад гэтага і цікавей!

Дзе: Корпус (пр-т Машэрава, 9/8)

Калі: 3 ліпеня (серада), 20:00

Колькі: бясплатна

Узяць «Білет на брэсцкі цягнік», але так і не пабачыць Брэст

Затое пабачыць, як адбываецца самавызначэнне чалавека, які не можа знайсці сабе месца па жыцці і думае, што за мяжой будзе лепей. А калі больш канкрэтна — у Маскве. Памятаеце, як спяваў Лявон Артуравіч «Адкуль ні ўцякай, куды ні бяжы… І тут ты чужы, і там ты чужы»? У чацвер вас чакаюць у Драматычным тэатры, каб праверыць, ці так яно насамрэч.

Квіткі можна набыць на bycard.by/afisha.

Дзе: Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі (вул. Крапоткіна, 44)

Калі: 4 ліпеня (чацвер), 19:00

Колькі: 14.00 — 15.00 BYN

Паглядзець на зорнае неба ў планетарыі

Абсерваторыя мінскага планетарыя адкрыла сезон назіранняў. Усе ахвотныя змогуць палюбавацца ў тэлескоп найбольш цікавымі нябеснымі аб'ектамі: двайныя і кратныя зоркі, зорныя навалы, галактыкі, планеты, Месяц.

Плануючы наведванне Абсерваторыі, абавязкова ўдакладняйце інфармацыю ў той жа вечар на сайце observatory.planetarium.by.

А на выхадных запрашаюць паназіраць таксама і за Сонцам.

Дзе: Мінскі Планетарый (вул. Фрунзе, 2)

Калі: 3-5 ліпеня (серада-пятніца), прыблізна 23:00, але час штодня змяняецца і паказваецца ў шапцы сайта

Колькі: бясплатна

Плануйце свой тыдзень разам з Afisha.nn.by

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0