Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падпісаў указ «Аб прысваенні звання Герой Украіны» тром ліквідатарам аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі, што спускалі ваду пад рэактарам, піша bbc.com.
Кадр з серыяла «Чарнобыль» НВО. У фільме Ананенка, Баранаў і Бяспалаў спускаюцца ў аквалангах. Насамрэч яны былі ў гідракасцюмах з рэспіратарамі.
Званне прысвоена старшаму інжынеру-механіку рэактарнага цэха ЧАЭС Аляксею Ананенку, старшаму інжынеру турбіннага цэха АЭС Валерыю Бяспалаву і начальніку змены АЭС Барысу Баранаву (пасмяротна).
Аляксей Ананенка, Валерый Бяспалаў і Барыс Баранаў спусціліся ў басейн пад разбураным рэактарам і адкрылі запорныя клапаны, каб вызваліць яго ад вады.
Дзякуючы гэтаму, удалося пазбегнуць кантакту расплаўленага ядзернага матэрыялу з вадой, у выніку якога з высокай верагоднасцю мог адбыцца паўторны выбух на ЧАЭС, заявілі ў Офісе прэзідэнта Украіны.
Гэтыя людзі «ўганараваныя найвышэйшай дзяржаўнай узнагародай за гераізм і самаадданыя дзеянні падчас ліквідацыі аварыі на Чарнобыльскай АЭС», гаворыцца ў тэксце ўказу.
Серыял «Чарнобыль», які выпусцілі нядаўна кампаніі HBO і Sky, стаў мегапапулярным ва ўсім свеце і прыцягнуў увагу да падзей красавіка 1986 года. У серыяле сцэна спуску трох «ліквідатараў» Ананенка, Бяспалава і Баранава ў радыеактыўную ваду пад рэактарам ЧАЭС стала адной з самых яркіх і драматычных.
Апісваючы ў серыяле небяспеку магчымага новага выбуху і неабходнасць адпраўлення вадалазаў пад рэактар, прафесар Валерый Лягасаў ў размове з генсакам КПСС Міхаілам Гарбачовым папрасіў у яго дазволу «забіць трох чалавек». Такі дазвол ад Гарбачова ён атрымаў.
Таксама ў серыяле паказалі, як шукалі добраахвотнікаў для гэтай задачы і як потым сустракалі іх апладысментамі.
Рэальны ўдзельнік тых падзей Аляксей Ананенка распавёў, што яму патэлефанавалі і паставілі задачу - адпампаваць ваду з-пад рэактара.
«Сама аперацыя прайшла хутка і без ускладненняў», - сказаў Ананенка. Аднак, вадалазам даводзілася праходзіць участкі з вельмі высокім «радыяцыйным ціскам», у прыватнасці ля ўваходу ў транспартны калідор разбуранага 4 блока.
А пасля іх выхаду вонкі ніхто нікому не апладзіраваў, успамінае Ананенка.
«Гэта была звычайная праца, хто будзе апладзіраваць? Героямі не пачуваліся, адчувалі сябе як звычайна», - адзначыў спадар Ананенка.
Раней быў пашыраны міф, што «чарнобыльскія дайверы» памерлі ад прамянёвай хваробы. Але гэта не так. Пасля спуску пад рэактар яны працягвалі працаваць на ЧАЭС.
Барыс Баранаў памёр у 2005 годзе, а Валерый Бяспалаў і Аляксей Ананенка жывуць па суседстве ў кіеўскім мікрараёне Траешчына.
На Чарнобыльскай АЭС Ананенка прапрацаваў да 1989 года, затым перайшоў на працу ў іншыя арганізацыі, звязаныя з атамнай энергетыкай і бяспекай.
Яшчэ ў савецкія часы ён атрымаў «Знак пашаны», а у 2018 годзе прэзідэнт Украіны Парашэнка ўзнагародзіў яго ордэнам «За мужнасць» III ступені.
Зрэшты, чалавек, які перажыў спуск пад 4 рэактар ЧАЭС, пацярпеў ужо ў Кіеве - у 2017 годзе яго на пешаходным пераходзе збіла машына. Ён атрымаў цяжкую траўму галавы і нагі, больш за месяц быў у коме. Аляксей Міхайлавіч змог аднавіцца, хоць на працу ўжо не вярнуўся.





