Мінскі абласны суд вынес прысуд ваеннаслужачаму, які не вярнуўся ў часць пасля адпачынку і замест гэтага паехаў ва Украіну ваяваць. Пра гэта паведамляе абласная пракуратура, піша tut.by.

Фігурант - 25-гадовы жыхар Салігорска. Па версіі следства, яшчэ да прызыву мужчына вывучаў магчымасць з'ехаць ваяваць у суседнюю краіну. Потым быў прызваны на тэрміновую службу.

«Знаходзячыся ў адпачынку, пасля прагляду чарговых відэаролікаў з месцаў збройнага канфлікту, прыняў рашэнне не вяртацца ў вайсковую частку з адпачынку і адправіцца ва Украіну», - распавёў пракурор аддзела пракуратуры Мінскай вобласці Юрый Казубоўскі.

Падзеі адбываліся ў кастрычніку 2018 года. Хлопец збіраўся ваяваць на баку адной з самаабвешчаных «рэспублік» Данбаса.

Разумеючы наступствы, салдат не збіраўся вяртацца на радзіму. Грошай на паездку не было, таму ў салоне сувязі ён купіў у растэрміноўку мабільны тэлефон і ў той жа дзень прадаў, каб атрымаць грошы. А назаўтра з'ехаў ва Украіну.

Аднак ён так і не ўступіў у шэрагі ўзброенага фармаваньня, таму што быў затрыманы супрацоўнікамі СБУ. У выніку беларуса судзілі па артыкулах пра дэзерцірства, замаху на ўдзел ва ўзброеным фарміраванні ў замежнай дзяржаве і махлярстве.

Прысуд - 5 гадоў пазбаўлення волі і пазбаўленне звання «яфрэйтар». Прысуд яшчэ не ўступіў у законную сілу і можа быць абскарджаны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0