Заснавальніца «Прэс-клуб Беларусь» Юлія Слуцкая перакананая, што людзі, якія застаюцца ў эміграцыі, перастаюць разумець, што адбываецца на радзіме. Пра гэта яна расказала ў відэаінтэрв'ю БАЖ.
Пасля падзей 2011 года былая рэдактарка «Камсамольскай праўды» і «Еўрарадыё» Юлія Слуцкая з'ехала за мяжу, але вярнулася і стварыла ў Беларусі праект «Прэс-клуб Беларусь».
«Калі мне стала ясна, што культура супрацьстаяння змяняецца, што можна нешта рабіць, я проста прыехала і стала рабіць, таму што падабаецца гэтым займацца, таму што тут гэта трэба. Рабіць адтуль тое, што трэба тут, — гэта на самай справе неэфектыўна. Ёсць другі складнік — гэта асабістае: у мяне тут дзеці, у мяне тут ужо ўнукі, я хачу быць побач.
А яшчэ я разумею, што людзі, якія там засталіся, яны непазбежна губляюць сувязь і перастаюць разумець, што тут адбываецца. Па газетных навінах і па стасунках з людзьмі, якія там, гэта немагчыма. Я проста бачу: людзі, якія засталіся, у моцным адрыве», — патлумачыла яна.





