Нафтагаз Украіны гатовы да перамоў з Газпромам, але выключна ў трохбаковым фармаце, з удзелам прадстаўнікоў ЕС. Пра гэта ў Facebook напісаў кіраўнік Нафтагаза Украіны Андрэй Кобалеў, каментуючы заявы кіраўніка Газпрома Аляксея Мілера аб гатоўнасці даць Украіне 25% зніжку на газ і правесці прамыя перамовы адносна паставак газу ва Украіну і яго транзіту.

Акрамя таго, Кобалеў адзначыў, што Нафтагаз купляе газ у Еўропе істотна танней, чым Газпром абавязаны яго прадаваць згодна з рашэннем Стакгольмскага арбітражу.

Так арбітраж абавязаў расіян прадаваць Украіне газ у першым квартале 2019 года па $300 за 1000 кубаметраў, а ў другім — за $221 за тысячу кубаметраў, але Газпром усё роўна адмаўляецца гэта рабіць.

У той жа час Нафтагаз купляе газ у Еўропе ў першым квартале — па $259, у другім квартале — па $212, ліпеньская цана — $178.

Выканаўчы дырэктар Нафтагаза Юрый Вітрэнка назваў прапанаваную Аляксеем Мілерам зніжку «ілюзорнай».

«Спачатку яны завышаюць цану на 100% ад справядлівай рынкавай цаны, а затым даюць «скідку» ў 24%. Гэта на каго разлічана?» — напісаў ён.

Вітрэнка нагадаў, што Расія на працягу доўгага часу атрымлівала ад Украіны аплату за газ, сума якой на $5 млрд перавышала аб'ём сродкаў, які выплачваецца расійскім бокам украінскай дзяржаве за транзіт.

«Цяпер Расія плаціць за транзіт амаль на $1 млрд больш, чым Нафтагаз плаціць за ўвесь імпартаваны газ. Гэта значыць, зараз грошы ідуць з Расіі ва Украіну. Гэта і не задавальняе РФ, яна хоча, каб Украіна нашмат менш атрымлівала за транзіт, чым плаціла Расіі за газ», — адзначыў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0