Уладаром свету стане краіна, у якой будзе манаполія ў сферы штучнага інтэлекту, лічыць Пуцін. І Расія, паводле яго слоў, павінна забяспечыць тут свой тэхналагічны суверэнітэт.
Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін заявіў пра важнасць развіцця штучнага інтэлекту, перадае ТАСС. «Калі хтосьці зможа забяспечыць манаполію ў сферы штучнага інтэлекту, то наступствы нам усім зразумелыя — той стане валадаром свету», — сказаў ён.
Пуцін адзначыў, што барацьба за тэхналагічнае лідарства, у тым ліку ў сферы штучнага інтэлекту, ужо стала полем для глабальнай канкурэнцыі. «Хуткасць стварэння новых прадуктаў і рашэнняў расце ў геаметрычнай прагрэсіі па экспаненце», — адзначыў ён.
Пуцін нагадаў, што многія краіны ўжо прынялі свае стратэгіі штучнага інтэлекту. «І мы, вядома, павінны забяспечыць тэхналагічны суверэнітэт у сферы штучнага інтэлекту», — сказаў ён і дадаў, што гэта найважнейшая ўмова заможнасці расійскага бізнэсу, эканомікі, бяспекі, абароназдольнасці і якасці жыцця людзей.