Беларускія комікі ў нядзелю запусцілі новы праект #Прашкварка з вядоўцам Змітром Нарышкіным. Запрасілі нашага знанага футбольнага каментатара (не Навіцкага) і з нядаўняга часу ютуб-блогера Мікалая Хадасевіча і (як маглі) жорстка сцябалі.

Дык гэта ж #Прожарка! — скажаце вы. Так, але расійская Прожарка — гэта амерыканская Comedy Central Roasts, што транслюецца па ТБ з 2003 (!) года. Ужо класічны фармат, можна сказаць. Запрашаюцца якая-небудзь медыя-персона і комікі. Комікі сцябуць зорку (жорстка, востра, нецэнзурна), а зорка сцябе комікаў. Ёсць яшчэ вядоўца, які сцябе ўсіх па чарзе. Сэнс у тым, каб максімальна смешна паліць усіх гаўном. Не, ну так і ёсць! І, як паказваюць мільённыя прагляды ў Расіі, сёння на гэты фармат шалёны попыт.

Трэба сказаць, жарты ніжэй за пояс беларусам заходзяць не надта. Неяк няёмка смяяцца, ці што. Вось пра БТ, ютуб, Навіцкага — гэта так, колькі хочаш.

«Мікалаю давялося сысці з БТ, таму што на БТ ёсць месца толькі для аднаго Мікалая» — каляпалітычныя таксама ідуць на ўра.

Увогуле, падтрымкі, нейкай жывасці, уключанасці аўдыторыі вельмі не хапала. Роўна таго ж не хапала і ад комікаў — ну не будзе дынамікі з такім тэмпам жартаў. Хутчэй, хутчэй трэба!

Але агулам класна, што ў нас з’явіўся і такі праект. Я пасмяялася ад душы, праўда. Ну былі жарты, якія не пайшлі. Ну і што? Выражуцца.

Абы госці былі. Хадасевіч — малайчына, не збаяўся, прыйшоў, трымаўся годна і аджартаваўся смешна. А вось Максім Пушкін і Кокобай удзельнічаць адмовіліся. А шкада, ёсць фактура, магло быць весела. Можа яшчэ перадумаюць?

Мы ўвогуле мала з сябе смяёмся, трэба было б болей. Гэта аздараўляе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0