«Найлепшы помнік архітэктару — гэта ягоныя збудаванні», — так выказалася Таццяна Ліцвінава, адна з першых даследчыкаў творчасці Станіслава Шабунеўскага (1868—1937).

Калі ў сярэдзіне 1980-х гомельскія краязнаўцы ды гісторыкі адкрылі імя гэтага выбітнага архітэктара, лік узведзеных ім збудаванняў не перавышаў дзясятка. Сёння пра яго можна сказаць, што гэта адзін з самых паспяховых архітэктараў Беларусі канца ХІХ — першай трэці ХХ ст.: ужо зараз дакладна высветлена яго аўтарства больш чым 30 будынкаў, яшчэ прыблізна столькі ж ідэнтыфікуюцца па выразных асаблівасцях стылістычнага архітэктурнага «подчарку».

«Эпіцэнтрам» творчай актыўнасці С. Шабунеўскага быў Гомель і яго наваколле, аднак яго працы раскіданы на тэрыторыі былых Магілёўскай, Мінскай і Чарнігаўскай губерняў, працаваў ён таксама і ў расейскіх гарадах Ражск і Разань. Шматлікія будынкі па яго праектах захаваліся да нашага часу і сёння з’яўляюцца візітнымі карткамі Гомеля і іншых гарадоў.

Архітэктар працаваў ў розных архітэктурных стылях, пачынаючы з варыяцый класічнай спадчыны і эклектыкі ў канцы ХІХ ст., але вяршыняй яго творчасці сталі будынкі ў стылях мадэрну і канструктывізму. Пра яго можна з упэўненасцю сказаць, што ён любіў Гомель. Але як і многія творчыя асобы таго часу, гэты чалавек не ўпісваўся ў савецкую адміністратыўна-камандную сістэму, двойчы арыштоўваўся па надуманых абвінавачваннях і бязследна знік у геене сталінскіх рэпрэсій — сёння нам нават дакладна і невядома, якім чынам быў загублены гэты надзвычай таленавіты чалавек.

Такі «бэкграўнд» годна паказвае архітэктара, а што ж удзячныя гомельцы? Менавіта прызнання гараджанаў амаль сотню год чакае архітэктурная спадчына галоўнага гомельскага дойліда.

Сёння ў Гомелі спадчыну С.Шабунеўскага спаткаеш фактычна на кожным кроку, але няма ў горадзе ні вуліцы яго імя, ні сквера, ні тым больш помніка.

Адзіным напамінам стаўся мурал з партрэтам дойліда, змешчаны ў 2013 годзе на адным з апошніх яго будынкаў.

2 снежня 2018 г. на пляцоўцы «Мова Нанова» ў Гомелі гісторыкі і краязнаўцы сціплай вечарынай адзначылі 150-годдзе з дня нараджэння выбітнага творцы свайго горада — архітэктара, які цалкам змяніў аблічча павятовага горада. На вечарыне было адзначана, што ў бліжэйшым часе выйдзе дакументальны фільм, прысвечаны гэтаму чалавеку. Аднак стварэнне адмысловых спецэфектаў зацягнула справу яшчэ на паўгода і толькі ў красавіку 2019 г. спачатку ў Бабруйску, а пасля і ў Гомелі, аўтары нарэшце прадставілі вынік сваёй шматгадовай працы — фільм «Рэпрэсаваная архітэктура» (рэжысёр Марыя Булавінская). 14 красавіка адбылася прэзентацыя фільма на канале Белсат, пасля чаго ён быў выкладзены ў свабодны доступ на ютубе.

Не гледзячы на тое, што яшчэ ў 2005 г. выйшла кніга В. Чарнатава «Станислав Шабуневский», аўтары фільма правялі абсалютна новае карпатлівае навуковае даследванне, вынікі якога і склалі змест стужкі. Праз усе 37-хвілін, нібы нябачная вось, праходзіць нацяты нерв, які не дазваляе гледачу адарвацца ад экрана. Зроблены фільм аказаўся абсалютна новым адкрыццём гэтага чалавека і архітэктара. Акрамя раней невядомых фактаў (біяграфічных звестак, атрыбутацыі помнікаў і інш.), важным прыёмам сталася ўжыванне сучасных відэа- і камп'ютарных тэхналогій — спалучэнне існуючых і 3D-рэканструкцый страчаных будынкаў, мастацкіх работ, «ажыўлення» дагэтуль невядомых старых фотаздымкаў і г.д. 

Трэба адзначыць, што дадзены фільм стаўся вынікам вялізнай і самаадданай працы цэлага калектыву маладых гомельскіх гісторыкаў, архітэктараў, мастакоў, пад агульным кіраўніцтвам рэжысёра М. Булавінскай.

Такі фільм не мог з'явіцца ў мясцовых дзяржаўных СМІ, негледзячы на іх бюджэты і тэхнічныя магчымасці: сёння для стварэння новага альтэрнатыўнага і якаснага прадукта наяўнасці адных рэсурсаў ужо не дастаткова — патрэбны новыя свежыя ідэі. А яны не нараджаюцца ў ідэалагічна вычышчаных і адміністратыўна заторканых райвыканкамаўскіх органах інфармавання. 

Амаль усе цікавыя і важныя знаходкі ў галіне гомельскай гісторыі зараз робяцца мясцовымі краязнаўцамі, а існуючыя музеі паспяхова ператвараюцца ў выставачныя плошчы для паказу матылькоў, копій твораў егіпецкага мастацтва і макетаў сярэднявечных прыладаў катавання. У супрацьлегласць гэтаму, грамадзянская супольнасць Гомеля здолела самаарганізавацца на захаванне той часткі мясцовай культурнай спадчыны, якая не ўяўляе цікаўнасці для ідэалагічна выверанай афіцыйнай лініі гарадской гісторыі.

Дарэчы, гэта не першая работа М. Булавінскай — толькі ў 2018 годзе выйшаў мультфільм «Тысячагадовая гісторыя Гомеля» і дакументальны фільм «Бяздомны горад» пра знішчэнне ўнікальнай драўлянай забудовы Гомеля. За «Бяздомны горад», між іншым, на рэжысёра мясцовая міліцыя склала адміністратыўны пратакол паводле артыкулу 22.9 (незаконны выраб прадукцыі СМІ) — відаць, адзіны вядомы на сёння выпадак ў Беларусі, калі ўзбуджана справа за выраб матэрыялу менавіта ў такім фармаце.

Не мае сэнсу пераказваць усе знаходкі, прадстаўленыя ў фільме «Рэпрэсаваная архітэктура»— проста паглядіце яго. І вы ўбачыце зусім іншы Гомель, зусім іншую Беларусь, як у мінулым, так і ў будучым.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?