Кіраўнік КХП-БНФ, палітэмігрант Зянон Пазняк у інтэрв’ю Радыё «Свабода» згадаў сваіх былых паплечнікаў па Апазіцыі БНФ у Вярхоўным Савеце — аднаго з кіраўнікоў ТБМ Алега Трусава і гісторыка Валянціна Голубева.

Зянон Пазняк (першы злева), Алег Трусаў (у цэнтры) і Валянцін Голубеў (другі справа).

Зянон Пазняк (першы злева), Алег Трусаў (у цэнтры) і Валянцін Голубеў (другі справа).

У адказ на пытанне Сяргея Навумчыка пра вяртанне Зянона на радзіму, дзе ён працытаваў Алега Трусава «Лукашэнка хоча, каб Пазняк вярнуўся», палітык адказаў наступнае:

«Здрада маральным прынцыпам двух дэпутатаў незалежнасці, якія пайшлі на збор нечасцівых і кажуць пра шчасце, што сатрап, нішчыцель нацыі звярнуў на іх увагу, — усё гэта яшчэ не азначае паразу ідэі. Нават калі б усе паплечнікі, дэпутаты-адраджэнцы (як некалі дзеячы БНР) пайшлі б на паклон да беса (а ўсе не пойдуць) — гэта не азначала б паразы ідэалаў свабоды і незалежнасці Беларусі, пакуль вольным і нясхільным буду я», — сказаў Пазняк.

Няцяжка пазнаць у гэтых дэпутатах незалежнасці Алега Трусава і Валянціна Голубева, якія 1 сакавіка ўдзельнічалі ў «Вялікай размове», якую праводзіў Аляксандр Лукашэнка.

Трусаў меў магчымасць праз мікрафон звярнуцца да кіраўніка Беларусі, а Голубеў падышоў паразмаўляць з Лукашэнкам. Мы папрасілі спадароў Трусава і Голубева пракаментаваць выказванні Пазняка.

«Я ніколі прынцыпова не каментую выступы Пазняка, што б ён ні казаў, бо гэта мой стары сябра. Я ніколі не крытыкую Пазняка, бо многія хочуць нас пасварыць. Не атрымаецца.

Пазняк маё імя і прозвішча не называў, а назваў Навумчык. Не ўсё так проста. Я ў фэйсбуку павіншаваў Пазняка з днём нараджэння. Нас пасварыць хацелі яшчэ ў 1994, але не атрымалася, не атрымаецца і сёння», — сказаў Алег Трусаў.

«Я не хачу гаварыць тут нічога. Я не хачу ні перад кім апраўдвацца, я ведаю, чаму я пайшоў туды, я ведаю, што нікому не здрадзіў і нічога кепскага не зрабіў.

Я ведаю, што за гэтыя гады, пакуль Зянона няма тут, я шмат зрабіў для роднай Беларусі. Не хачу ні апраўдвацца, ні спрэчкі весці. Я проста працую для Беларусі, жыву ў Беларусі і памру ў Беларусі. Пры любой магчымасці я буду рабіць усё для Беларусі, а не спрачацца ці казаць пра кагосьці брыдкасці», — такую рэакцыю выклікалі словы Пазняка ў Валянціна Голубева.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?