Я дастану твае паперы.
Пад рукою радок дрыжыць.
Яны зносяць крыжы, Шурка.
Над табою — зносяць крыжы.
Цвёрды почырк, тугія кропкі,
Устрывожаны неспакой.
Я ж таксама не верыў, Ганна,
Аж да самае ночы той.
А тады — ну звязаны ж рукі.
Як пакласці апошні крыж.
Перадай ім — і я не верыў.
Перадай ім — усё бачна звыш.
І захочаш апошняю прагай —
Ты пра гэта так і скажы —
Каб цябе адмалілі людзі,
Каб паставілі ўсё ж крыжы.
Праз стагоддзе, праз два, хай потым,
Ратаванне пакіньце нам.
Бо навек тэлефонным дротам
Рукі вяжуць ля гэтых ям.