«Патэнцыйна падляская мова мае 50 тысяч чытачоў»

— Галіна, як я пабачыла па фотасправаздачах у Фэйсбуку, на вашыя прэзэнтацыі прыходзілі да 70 чалавек. Ня кожная менская прэзэнтацыя зьбярэ столькі чытачоў і адначасна пакупнікоў кнігі. А колькі ўвогуле вы можаце мець патэнцыйных чытачоў, людзей, якія гавораць і чытаюць па-падляску?

​— Ніхто не праводзіў апытаньняў, колькі людзей можа чытаць па-падляску. Можна толькі прыкінуць. Паводле перапісу 2002 году, 33 тысячы чалавек на Падляшшы, для якіх роднай мовай зьяўляецца падляская гаворка, запісаліся беларусамі і сказалі, што гавораць дома па-беларуску. «Па-беларуску» у гэтым выпадку значыла «па-падляску»: тады яшчэ не было такога тэрміну, як «падляская мова». Ён зьявіўся толькі ў 2005 годзе, калі мой муж, Ян Максімюк, пачаў з Прагі кампанію за тое, каб надаць падляскім гаворкам без аканьня/яканьня і цеканьня/дзеканьня статус нармальнай пісьмовай мовы ў беларускім асяродзьдзі на Падляшшы, адначасова прапануючы свой правапісна-граматычны стандарт.

Я думаю, да гэтых 33 тысяч можна дадаць яшчэ тысяч 20, маючы на ўвазе тых людзей на Падляшшы, якія ведаюць падляскую мову з роднай хаты, але запісаліся палякамі, бо ўжо не ідэнтыфікоўвалі сябе з той беларускасьцю, якую нясуць афіцыйныя структуры і мэдыі ў беларускім руху, што ўжываюць выключна літаратурную мову. Я думаю, што патэнцыйна 50 тысяч чытачоў падляская мова мае. Маю на ўвазе пісьмовы варыянт падляскай мовы, якая запісваецца лацінскім альфабэтам. Кірылічная азбука памяншае рэальны лік такіх чытачоў разоў у 10-15.

Мяркуючы ня толькі па маіх прэзэнтацыях, на Падляшшы цяпер узьнікла нешта накшталт чытацкага boom’у для выданьняў на падляскай мове. Мы зь Янам правялі пяць прэзэнтацый — у Нарве, Гайнаўцы (дзьве), Беластоку і ў маім родным Бельску — на якіх прадалі каля 200 асобнікаў кніжкі, яшчэ 50 узялі кнігарні, і ў мяне на руках застаецца ўсяго 50 асобнікаў.

Людзі на прэзэнтацыях куплялі па дзьве-тры кніжкі. Казалі, што дадатковыя асобнікі — для дзяцей, «каб яны не забылі роднай мовы»; або для знаёмых, якія ня здолелі прыйсьці на прэзэнтацыю; або на падарункі для сваякоў. Калі я падпісвала кнігі, мне расказвалі розныя гісторыі. Галоўныя матывы — шкадаваньне, што не навучылі дзяцей роднай мове, пошук апраўданьня, спроба раскаяньня, бо ў горадзе саромеліся сваёй мовы, а цяпер запозна яе зьберагчы. З другога боку яны былі вельмі задаволеныя, што нехта напісаў кніжку на іх роднай мове, і столькі добрых словаў ад незнаёмых людзей, якія былі выказаныя ў мой адрас за чатыры дні на Падляшшы, я ня чула ніколі раней у жыцьці.

Таксама я вельмі радавалася за свайго мужа. Калі ў 2005 годзе мой Ян выступіў з пастулятам, што з увагі на дэмаграфічна-моўную сытуацыю на Падляшшы другое дыханьне беларускаму руху можа даць увядзеньне падляскай мовы ў пісьмовасьць і ў СМІ, ніхто з «тузоў» беларускага руху яго не падтрымаў. Прапанова, мабыць, падалася нейкім трызьненьнем або летуценьнем. Ян адначасова сьцьвярджаў, што кірыліцы на Падляшшы надышлі капцы, і калі пакаленьне беларускіх дзеячоў-вэтэранаў хоча яшчэ мець кантакт з пакаленьнямі сёньняшніх вучняў і ліцэістаў, то абавязкова трэба пачаць пісаць лацінкай. Гэтага было ўжо занадта! Але цяпер гэтыя два пастуляты — пісьмовая падляская мова і лацінка для беларусаў Падляшша — амаль што «хадзячыя ісьціны».

Я не скажу, што нашыя беларусы ўжо цалкам звыкліся з лацінкай для сваіх тэкстаў, але ніводзін чалавек з тых, што купілі амаль дзьве сотні маіх кніжак, ня тое што не папракнуў, чаму кніжка надрукаваная лацінкай, але і ня выказаў ніякага зьдзіўленьня. Адна жанчына сказала, што варта было б перанесьці «інструкцыю па карыстаньні лацінкай» з канца на пачатак кнігі дзеля большай зручнасьці. Мая 80-гадовая мама, якая ніколі раней не спрабавала чытаць беларускай лацінкі, узяла маю кніжку і стала адразу чытаць так, як быццам ніякіх іншых кніжак у жыцьці не чытала, толькі на падляскай мове лацінскім альфабэтам…

«Хацелі нібыта добра, а скончылі як усе — плюнулі на падляскую мову»

— Падляская — гэта вашая родная мова ад нараджэньня, на якой вы гаварылі з бацькамі, сябрамі, суседзямі, але ня ў школе, не ва ўнівэрсытэце. Як падляская стала вашай пісьмовай, літаратурнай мовай?

— Так, гэта была мая першая мова, і я ўдзячная бацькам, што яны гаварылі са мной па-свойму і тады, калі мы пераехалі з бацькавай вёскі Плёскі (маміна вёска — Кнаразы, па-суседзку з Плёскамі) у Бельск. Мне быў год, калі мы перасяліліся ў Бельск. Польскую мову я стала засвойваць, калі мне было тры-чатыры гады. На нашай вуліцы сяліліся і беларусы-праваслаўныя, якія наогул гаварылі па-свойму, і палякі-каталікі, якія гаварылі па-польску. Спакваля мова дзяцей з нашай вуліцы рабілася польскай, хоць дома з бацькамі я ўвесь час гаварыла па-падляску.

А школа, безумоўна, апалячвала наймацней. І я кажу ня толькі пра сваю базавую адукацыю (клясы 1-8), але і пра гэтак званы «беларускі ліцэй» імя Браніслава Тарашкевіча ў Бельску. Там мы мелі ўрокі беларускай мовы, але на перапынках як вучні між сабою, так і настаўнікі з вучнямі гаварылі выключна па-польску. Я толькі з адной сяброўкай з клясы гаварыла па-падляску. Іншыя ўжо гаварылі са мною па-польску. Дый настаўнікі не заахвочвалі захоўваць нашу падляскую мову.

Мне помніцца, як адна настаўніца беларускай мовы закаціла галосны скандал, калі адзін з нашых калегаў адазваўся да яе на перапынку па-свойму. «Jak śmiesz, — крычала, — mówić do mnie w tym języku?!» Вось так прыблізна выглядала наша нацыянальная адукацыя ў намінальна беларускім ліцэі пад канец 1970-х і ў пачатку 1980-х гадоў. Нейкі непрыемны асадак ад гэтага ліцэя застаўся ў мяне на ўсё жыцьцё. І мяне ня надта зьдзіўляе, што пры такім падыходзе да падляскай мовы якраз з гэтага ліцэя выйшла пазьнейшае ядро ўкраінскага руху на Падляшшы — тыя хлопцы пераарыентаваліся зь беларусаў (ці хутчэй з палякаў, на якіх выхоўваў іх наш ліцэй) на ўкраінцаў. Маўляў, украінская сьвядомасьць дапаможа ім захаваць хатнюю мову, якой грэбуе школа. Хацелі нібыта добра, а скончылі як усе — плюнулі на падляскую мову і пайшлі пісаць на ўкраінскай літаратурнай.

І як беларускі рух на Падляшшы, які сутаргава трымаецца беларускай літаратурнай мовы, так і нашыя ўкраінцы са сваёй літаратурнай украінскай апынуліся ў нацменшасным запаведніку, жыцьцё якога падтрымліваецца хутчэй дзяржаўнымі грантамі, чым жывым грамадзкім запатрабаваньнем.

Ва ўнівэрсытэце ў Варшаве, куды я пайшла вывучаць польскую філялёгію ў 1981 годзе, мая беларуская адукацыя, як ні парадаксальна, палепшала. Там я сустрэла старэйшых студэнтаў з Падляшша, сярод іх Яна, якія пачалі арганізоўваць Беларускае аб’яднаньне студэнтаў і якія прынцыпова, ня гледзячы на абставіны, гаварылі з намі па-падляску і па-беларуску. Ніхто тады не дадумаўся пісаць па-падляску, але тое мулкае пачуцьцё, што наша падляская мова не прыгодная для беларускай сьвядомасьці — паменшала. Ды як яно магло не паменшаць, калі, як аказалася 20 гадоў пазьней у перапісе, на кожных 10 падляскіх беларусаў 7 гавораць дома на падляскай гаворцы, а толькі 2 — на гаворках літаратурнай мовы. У нас у Варшаве практычна кожны, хто лічыў сябе беларусам, гаварыў па-падляску.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочешь поделиться важной информацией анонимно и конфиденциально?