Урочышча Курапаты будзе прыведзена ў парадак. Аб гэтым заявіў Аляксандр Лукашэнка сёння на сустрэчы з прадстаўнікамі грамадскасці і экспертнай супольнасці, беларускіх і замежных СМІ, перадае БелТА.

«Курапаты мы ў парадак прывядзём, будзьце ўпэўненыя ў гэтым. Хоча гэтага хтосьці ці не хоча. Там пахаваныя нашы людзі, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — А сёння варушыць косткі людзей і глядзець — немцы застрэлілі, сталіністы ці яшчэ хтосьці — мне пакуль неяк не хочацца гэтага».

Лукашэнка сказаў, што даручыў узяцца за Курапаты — усталяваць сціплы помнік загінулым, зрабіць там нешта душэўнае, без вялікіх выдаткаў, каб увекавечыць гэта месца. Аднак кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што пасля гэтага на яго абрынуўся шквал негатыву. Ён дадаў, што тэма Курапатаў выкарыстоўваецца некаторымі ў прапагандысцкіх мэтах.

«Так, было. Паглядзіце на іншыя краіны — там таксама не тысячы, а мільёны гінулі. Але трэба выпукліць вось гэты сталінскі перыяд, паказаць, што былі ворагі, — адзначыў ён. — Так, былі і такія. Можа быць, празмерна. Але гэта не значыць, што пад сталінізм трэба заганяць усё. Там забівалі людзей, дапусцім, пры Сталіне — у 30-я гады. А вы ўпэўнены, што там на гэтым месцы фашысты не расстрэльвалі габрэяў, беларусаў, палякаў, украінцаў, рускіх? Ну, так давайце будзем аб'ектыўнымі».

Чытайце таксама: Лукашэнка: «Што кепскага, калі каля Курапат рэстаран? Зайшлі, чарку выпілі»

Кіраўнік дзяржавы закрануў і тэму разбітай «лавы Клінтана» ў Курапатах. Ён паведаміў, што распарадзіўся неадкладна яе аднавіць і назваў глупствам ўсе сцверджанні, што ўлады маюць да яе пашкоджання хаця б нейкае дачыненне.

Аляксандр Лукашэнка закрануў і пытанні ацэнкі гісторыі Беларускай Народнай Рэспублікі. Прэзідэнт адзначыў, што тычыцца ролі і значэння БНР, «мы спакойна рухаемся ў напрамку таго, каб разабрацца — як было і што было — без прапаганды».

Чытайце таксама: «Стагоддзе — вялікая дата. Адсвяткавалі». Але не сёлета. Лукашэнка выключыў магчымасць правядзення Дня Волі на стадыёне «Дынама»

Ён падкрэсліў, што вялікая роля ў дзяржаве — у адзінстве народа: «У нас сваіх праблем дастаткова. Ніякія бязладзіца — ні з Расіі, ні з Захаду, ні далей — ніхто нас не згорне, калі мы тут будзем адзіныя. Калі мы будзем дзейнічаць так, як мы з вамі гэта разумеем, так, як у нас у галовах. А не так: думаем аднолькава, а паводзім сябе па-рознаму».

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на важнасць захавання традыцый, што праяўляецца і ў дачыненні да да тых ці іншых святаў. «Дапусцім, святкаванне 9 Мая. Чаму мы павінны аддаць камусьці гэтае свята? Мы, якія аддалі кожнага трэцяга чалавека, і палова насельніцтва была скалечана, — нагадаў Аляксандр Лукашэнка. — Я быў актыўным прыхільнікам таго, каб прапагандаваць, укараняць у свядомасць гэтае свята, і праз гэтую форму падцягваць моладзь да дзяржаўнасці».

Аляксандр Лукашэнка таксама выказаўся за захаванне Свята працы — 1 Мая. «Але хай гэта будзе прафесійнае свята, хай прафсаюзы ім зоймуцца», — дадаў ён. Кіраўнік дзяржавы прытрымліваецца пазіцыі, што з гісторыі трэба здабываць урокі і не пазбаўляць людзей магчымасці паважаць традыцыі, адзначаць нейкія святы. «Няхай яны святкуюць. Чаму мы павінны ваяваць з гэтымі людзьмі? Мы павінны іх разумець», — лічыць прэзідэнт.

«Дакладна так і БНР — не спяшайцеся, калі ласка. За кароткі прамежак часу мы прымем рашэнне на дзяржаўным узроўні, на ўзроўні прэзідэнта, па БНР. Не спяшайцеся. Марзалюк з групай яшчэ трошкі папрацуе, паглядзяць плюсы, мінусы, як было, чаго не было і што было за кулісамі гэтай БНР. Каб не памыліцца. Каб мы не далі нейкую прычыну для раздраю ў нашым грамадстве. А гэта ўжо нашы дзеці будуць пажынаць плён нашых памылак, калі мы памылімся», — падсумаваў Лукашэнка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0