Фота: wikipedia.org.

Фота: wikipedia.org.

У пракат выйшаў расійскі фільм «Т-34». Гэта геройская сага пра часы вайны. На фільм адгукнуўся беларускі гісторык Віталь Еўмянькоў.

«Учора паглядзеў кінастужку «Т-34». Расійскай вытворчасці, а дакладней — вытворчасці Мікіты Міхалкова. 

Адразу хачу сказаць, што я супраць любых нацыянальных стэрэатыпаў і клішэ. Мне не істотна, якой чалавек нацыянальнасці, абы быў людскім. Але ў стужцы вядзецца акурат пра гэтыя самыя стэрэатыпы. Яшчэ адно… Да прагляду «Т -34» я меркаваў, што кіно пра Крым — гэта і ёсць «хатынь». Насамрэч, сапраўдная «хатынь» — гэта шэдэўр Міхалкова.

Распавядаю… Зіма 41-га, немцы пад Масквой, на фронце з’яўляецца малодшы лейтэнант, танкіст. Ён атрымлівае заданне: раскалашмаціць роту фашыстаў. Адным танкам — роту фашыстаў, Карл! Ды я не пра героя, я пра герояў. Пра экіпаж танка «Т-34». Кіроўца вусаты, высокі дзядзька — беларус.

І размаўляе амаль па-беларуску, на трасянцы. Зараджаючы — украінец. І размаўляе ўкраінскаю. І беларус, і ўкраінец падпарадкоўваюцца рускаму лейтэнанту. І б’юць немца, скубуць, нібы воўк авечку! Раптам танк падбіты. Рускі выцягвае беларуса з машыны, украінец гіне. Усё, украінскай тэмы больш нямашака. Застаюцца толькі рускі і беларус. Адчуваеце гістарычны кантэкст?

Мінае колькі год. Нямецкі канцэнтрацыйны лагер. Ізноў лейтэнант і зноў беларус. Сядаюць у Т-34 і расхерачваюць палову Нямеччыны. Месца ўкраінца займае другі рускі. Сюжэт настолькі банальны, што нават амерыканскім блакбастарам сорамна і няёмка за сцэнарыста.

Але я не пра сцэнарый, я пра ідэалогію стужкі: перамога беларуса і рускага, без украінца. На мой погляд, гэта відавочная маніпуляцыя: расійскаму гледачу як бы навязваецца меркаванне: усё, мы больш не маем пры сабе сярэдняга брата, ёсць толькі малодшы брат. Няхай нязграбны, няхай не заўжды зразумелая яго мова. Але брат!

Тое, што вобраз беларуса адлюстраваны ў святле сяброўства — добра! З аднаго боку! З другога насцярожвае тое, як выяўлены гэты вобраз — як не маючага ўласнага меркавання, працавітага, прыдатнага да выканання загадаў мужыка-селяніна. Акурат гэтак нас адлюстроўвалі палякі на пачатку ХІХ стагоддзя. Беларус (у польскай тэрміналогіі — «русін») — гэта затурканы, працавіты і бяскрыўдны халоп. Ці не падобнае ў гэтым шэдэўры ад студыі «Тры Т» Міхалкова?

Часам трэба глядзець расійскае кіно, каб назіраць за праявамі калектыўнага несвядомага суседзяў. Менавіта гэтак яны на нас і глядзяць. І гэта не добра, і не дрэнна. Гэта медыцынскі, на маю думку, прыкры для нас факт», — піша Еўмянькоў.

Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?