Віктар Шалкевіч стварае свята, да якога хочацца далучыцца, усюды — на сцэне, у жыцці. Неабыякавых і сонных не бывае — гэты шалёны позірк, ашаламляльны імпэт, заразлівыя кампанейскасць і жыццярадаснасць робяць Шалкевіча унікальным сярод бардаў, сярод акцёраў, сярод паэтаў і пісьменнікаў… Іншых такіх няма, не бывае.

Ён і бард, і акцёр, і пісьменнік, і аўкцыяніст, і шмат хто яшчэ. На сцэне з песнямі больш за 30 гадоў. Бадай што, з 87-га года можа адлічваць сваю бардаўскую дзейнасць. Тады і стаў Шалкевіч адным з сімвалаў новага беларускага часу, новых беларускіх творцаў, калі са сцэны і ў эфірах можна было праспяваць і пра жлобскую нацыю, і пра Ганку з Пагулянкі.

Але зараз сітуацыя такая, што канцэрты ў Беларусі рэдкасць. Практычна адзіны, штогадовы зімовы ў Мінску. Будзе і сёлета — 16 лютага.

А 9 лютага Віктар Шалкевіч адзначыць 60-гадовы юбілей. Але гэта не тыя 60 гадоў, калі сівыя стомленыя мужчыны падводзяць вынікі жыцця і мараць пра пенсію — драйв Шалкевіча ні на ёту не зменшыўся. Наадварот, якраз на юбілейны год у яго прыпадае проста выбух падзей.

— На 60 год сябе не адчуваю, бо не маю часу азірнуцца, маё жыццё стала вельмі хуткім — заўсёды альбо ў дарозе, альбо заняты працай, — кажа спявак. — З канцэрта не буду рабіць юбілейнае шоу, запрашаць нейкіх зорных гасцей на сцэну, падводзіць вынікі і слухаць дыфірамбы ў свой адрас. Адзінае, акрамя новых песень, якіх нямала, планую заспяваць знакавыя рэчы, якія людзі пастаянна просяць. Так што будуць эвэргрыны і новыя песні.

На канцэрце можна будзе набыць і новы альбом Шалкевіча «Такая доўгая зіма», які ён выдае пасля дзесяцігадовага перапынку. І — гэта першы для гарадзенскага выканаўцы альбом у стылі рок, як кажа сам Віктар — вясёлы і драйвовы.

— Усе героі песень некуды едуць, часцей на цягніках. Акрамя героя песні «Бедны вясковы Бог» — ён ідзе пешшу. Ёсць песня «Блюз замкнёнага кола», у якой чалавек прачынаецца на станцыі Буслы, вырашае змяніць сваё жыццё — выходзіць на станцыі Аранчыцы, выпівае ў буфэце з нейкім валацугам, і на наступны дзень ізноў прачынаецца на станцыі Буслы.

Адзін з герояў — Адам Міцкевіч. Неяк я ехаў у плацкарце, і прыйшла такая фраза: «Міцкевіч ніколі не ездзіў у плацкартным вагоне». Міцкевіча ўвогуле страшэнна люблю, вельмі вясёлы быў чалавек, тым больш мой зямляк. А ў балгарскім горадзе Бургасе я знайшоў ля мора камень, на якім было напісана, што ў гэтым горадзе Міцкевіч пэўны час чакаў карабля з рэйсам на Канстанцінопаль. Усё сышлося, і нарадзілася песня. Потым яшчэ і Марыя Верашчака далучылася. Ёсць ў альбоме і каханая, што жыве ў лесе. Увогуле, багатая на герояў праграма.

Альбом запісваўся ў Баранавічах. Студыя месціцца ў каталіцкім кляштары, у запісе песень ў якасці музыкантаў паўдзельнічалі і манахі. Хто — сакрэт, іх імёнаў не будзе на вокладцы, бо для манахаў гэта не ўхвальная праца.

Таксама ў юбілейны год Віктар Шалкевіч заканчвае працу над раманам, а на падыходзе ў яго яшчэ і опера!

 У іранічным рамане «Маланабздзейкаўскія гістарычныя хронікі» аўтар, праз лёс міфічнага мястэчка Малыя Набздзейкі, быццам прасочвае ўвесь гістарычны шлях Вялікага княства Літоўскага. У рамане сустракаюцца самыя розныя героі — ад Барбары Радзівіл да Герберта фон Караяна. І адбываюцца самыя розныя падзеі — напрыклад, у Мінску з’яўляецца беларускамоўнае культурніцкае гета ў раёне вуліц Энгельса і Кірава.

А опера Віктара Шалкевіча — самая сапраўдная опера, з арыямі і харамі — называецца «Галілейская гісторыя».

— Нот я дагэтуль не ведаю, і ведаць не хачу, — кажа аўтар. — Баюся, каб ведаў ноты — не было б ні песень, ні оперы. З партытурамі мне дапамагае музыка Анатоль Кандыба, маю музыку па інструментальных партыях геніяльна раскладвае. Ёсць і ўверцюра, і арыя Анёла, арыя пастухоў, арыя здраднікаў, старшынь яўрэйскага кнэсета, і гэтак далей. Опера не для пастаноўкі на сцэне, а для запісу. Даробім, і пачнём шукаць спевакоў і выканаўцаў для альбома.

Песні, тэатр, аукцыёны, праца ў Нясвіжскім палацы ў выглядзе Радзівіла Сіроткі, проза, опера… Не, і гэта не ўсё. Як сапраўдны патрыёт сваёй не толькі вялікай, але і малой радзімы, Віктар Шалкевіч шануе імя Стэфана Баторыя — для Гродна чалавека знакавага, ладзіць пленэры. Сёлета ў Гродне плануецца невялікі музычны фестываль Стэфана Баторыя ў гонар ягоных народзінаў.

А яшчэ у Беластоку выходзіць ў перакладзе на польскую мову кніга Віктара Шалкевіча «Мястэчка Г. і ваколіцы». Пераклад рабіў сам аўтар, і прыкметна, не літаратурнай польскай мовай, а «крэсовай пальшчызнай» — амаль забытай моваю старых людзей.

Традыцыйны штогадовы канцэрт Віктара Шалкевіча ў Мінску пройдзе ва ўтульнай зале Палаца прафсаюзаў. Дзе можна забяспечыць і якасны гук, і камфортныя крэслы. На сцэне будуць музыканты Юрый Хілавец і Анатоль Кандыба, з дапамогай якіх песні Віктара Шалкевіча гучаць не толькі яскрава, але і сапраўды музычна. Як гэта адбываецца — можна ўбачыць у нядаўняй праграме тэлеканала «Белсат».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0