Мінскі планетарый сёлета пачне паказваць сферычныя фільмы на беларускай мове - першым прадубляваны мультфільм «Мышаняты і Месяц». Яго прэм'ерны паказ запланаваны на 5 і 6 студзеня, паведамілі ва ўстанове.

«Упершыню на беларускай мове загаварылі мышаняты Піп і Скрып, героі ўпадабанага многімі наведвальнікамі Планетарыя мультфільма «Мышаняты і Месяц». Прэм'ерныя паказы адбудуцца 5 і 6 студзеня ў 16:00! 

Гэта першы ў свеце беларускі фільм, зроблены спецыяльна для трансляцыі на купале. Яго прэм'ера ў мінскім Планетарыі адбылася восенню 2017-га года. На сённяшні дзень фільм перакладзены на англійскую, нямецкую, французскую, польскую, кітайскую, японскую мовы і паказаны на шматлікіх міжнародных фестывалях паўнакупальных фільмаў. Толькі ў Мінску яго паглядзелі тысячы маленькіх і дарослых

«Мышаняты і Месяц» - гэта гісторыя пра тое, як аднойчы два мышаняты Піп і Скрып задаліся пытаннем: хто з'ядае зіхатлівы Месяцовы Сыр на небе? Кажаны не ведалі адказу, і Сава таксама не ведала. Але разумныя робаты-астраномы дапамаглі мышанятам даведацца, што такое на самай справе Месяц, распавялі пра Месяцовыя моры без вады і без Месяцовых рыб. Мышаняты шмат пра што даведаліся і ўбачылі з дапамогай тэлескопа мноства кратараў. Іх так уразіў Месяц, што яны і самі захацелі там калі-небудзь пабываць!»

Мінскі планетарый запрашае маленькіх і дарослых у займальнае падарожжа на Месяц.

Кошт квіткоў: для дзяцей (ад 4 да 18 гадоў) - 3,80 руб., для дарослых - 4,50 руб.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0