Замежныя інвестары адмаўляюцца ад праекта коштам $500 мільярдаў з-за пагрозы сапсаваць сабе рэпутацыю, супрацоўнічаючы з Эр-Рыядам, які падазраюць у забойстве саудаўскага журналіста Джамаля Хашогі.

Не так даўно наследны прынц Саудаўскай Аравіі правёў сустрэчу з бізнэсменамі, на якой яны пачулі даволі шчырае прызнанне адносна праекта футурыстычнага горада Неом на пустынным узбярэжжы Чырвонага мора, піша Financial Times са спасылкай на свае крыніцы.

«Ніхто не будзе інвеставаць [у праект] на працягу многіх гадоў», — заявіў наследны прынц Саудаўскай Аравіі Мухамед бен Сальман, распавёў калега аднаго з прысутных на гэтай сустрэчы ўдзельнікаў.

Выданне адзначае, што гэтыя словы наследніка кажуць пра тое, што крызіс, выкліканы забойствам журналіста Джамаля Хашогі, пагражае падарваць планы Эр-Рыяда мадэрнізаваць каралеўства пры падтрымцы замежнага капіталу і вопыту.

Адзін з кансультантаў праекта па прыватных інвестыцыях адзначыў, што будучыня Неома цяпер дакладна пад пытаннем. Іншыя кансультанты, у тым ліку вядомы архітэктар Норман Фостэр, дыстанцыяваліся ад праекта з-за рызыкі сапсаваць сабе рэпутацыю.

Неом знаходзіцца на паўночна-заходнім узбярэжжы каралеўства. Зараз ён складаецца з пары палацаў, дзе кароль Сальман Аль Сауд адпачывае летам. Таксама там знаходзіцца курорт, які прымае дэлегацыі фінансістаў і экспертаў. Эр-Рыяд прадставіў праект дзелавога і прамысловага горада Неом ў пустыні летась. Мухамед бен Сальман адзначаў, што футурыстычны горад павінен дапамагчы каралеўству стаць краінай XXI стагоддзя.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?