Ціхан Чарнякевіч расказаў пра няўдалы досвед удзелу Саюза пісьменнікаў Барыса Пятровіча ў праекце, дзе ўдзельнічаў і Саюз пісьменнікаў Мікалая Чаргінца. 

У 1990-я беларускае грамадства падзялілася. Тады гэты падзел меў экзістэнцыйны, палітычны сэнс. Гаворка ішла пра выключныя рэчы: якую супольнасць мы ўтвараем? На чым заснаваныя яе вартасці, адкуль вынікае яе здольнасць да будучыні? Як яна арганізуе ўнутраную і вонкавую салідарнасць?

І драматызм размежавання быў апраўданы, вынікаў са штодзённага досведу і імавернасці станоўчага выніку. Менская вясна, марш свабоды, выбары-2001 давалі адчуць калектыўную дзеяздольнасць.

Цяпер можна спрачацца, ці гэта было правільна — распальваць гэты падзел. Утварэнне паралельнага грамадства потым пачалі ацэньваць і адмоўна. Кідкую фармулёўку прапанаваў Акудовіч: краіна жыве без нас.

Пагаджаўся з гэтым аналізам і грунтоўны Віталь Сіліцкі. Ён параўноўваў Беларусь з Украінай і заўважыў: калі ў Кіеве Рух спрыяў кансалідацыі новай палітычнай эліты вакол нацыянальнага кансэнсусу, у Мінску БНФ на чале з Пазняком самазабойча браў удзел у абвастрэнні супярэчнасцяў.

А час змяніўся, ён змяняецца далей. Мы, на жаль, амаль не маем прыстойнага аналізу гэтых змен. Знайсці рэдкія прыклады можна, напрыклад, у перадачы Чалага «Эканоміка на пальцах». У адным з апошніх выпускаў гаворка ідзе пра тое, як «планавая эканоміка з элементамі рынку» (фармулёўка з эсэ Алены Ракавай) зрабіла з беларусаў узорных адэптаў і рынку, і бізнэсу, і «памяркоўнай» дзяржавы.

Гэтыя змены патрабуюць пільнасці, аналізу і ўдзелу. Што зноў і зноў прадухіляюць маральна састарэлыя паняцці аб грамадстве, палітыцы і культуры. Вось і

Чарнякевіч заклікае: нешта не падабаецца — сыходзьце. Каб абгрунтаваць свой вывад, Чарнякевіч цытуе Кафку, які ацэньваў пачутае па якасці кавы. А цяперашні час патрабуе іншага. Новых рашэнняў, якія свядома працуюць са звычнымі схемамі. Свядомай працы з рэчаіснасцю заміж донкіхоцкага маралісцкага змагання, якое множыць фрустрацыю і рэсэнтымент.

Каб распрацаваць такія рашэнні, трэба найперш разабрацца са схемамі.

Вельмі даўно філосаф Рычард Рорці аналізаваў бягучае развіццё прагрэсіўнай думкі ў ЗША. Ён, як прынята ў такіх выпадках безраважна казаць, прадбачыў тады Трампа. Ягоны вывад быў такі:

левыя зашмат гавораць пра культуру — і маўчаць пра капіталізм.

Ставяць у цэнтр увагі стыгму, а не грошы. У выніку яны выпускаюць з-пад увагі праўдзівыя праблемы грамадства.

Рорці лічыў сябе паслядоўнікам амерыканскай традыцыі прагматызму. Ён заклікаў адцурацца левай схільнасці да гаварэння і рабіць большы націск на практыку, на дзеянне. Ягоны заклік быў: рабіце палітыку дзеяння, а не гаварэння.

Зыходзячы з эсэ Чарнякевіча, можна гэта перафармуляваць. Часам бывае, што кепскую каву варта і патрываць. Не піць яе зусім, папрасіць чаю ці вады. Не паддацца спакусе чарговым разам самасцвердзіцца, а шукаць дыялогу.

Беларуская інтэлігенцыя тэарэтычна магла б займацца прадметным аналізам, папулярызацыяй яго практычна значных вывадаў і рэфлексіяй іх (не)прымянення. Але з 90-х яна загразла ў рытарычных практыкаваннях пра кепскую каву і безадказным маралізатарстве.

З допісу Чарнякевіча вывад адзін: у гэтым асяроддзі застаецца шмат снабізму.

Сышоўшы праз кепскую каву, шмат можна прапусціць. Чорт яго ведае, ці якасныя напоі пілі Людвіг Вітгенштайн або Вілі Брант, Максім Багдановіч або Міхась Стральцоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?